Юрыю Варонежцаву вярнулі частку канфіскаваных рэчаў
Актывіст звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля са скаргай на дзеянні ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, прадстаўнікі якога 18 траўня праводзілі ператрус у яго ў хаце ды забралі асабістую і сямейную маёмасць. Ператрус праводзіўся ў сувязі з крымінальнай справай адносна актывістаў кампаніі “Гавары праўду”.
Паводле словаў юрыста Леаніда Судаленкі, судовы працэс нічым не завершыўся:
– Суддзя прыпыніў гэтую справу да моманту яе разгляду у крымінальным парадку. Паколькі ёсць крымінальная справа, яна ўзбуджана ў Мінску. Суддзя сказаў, як вырашаць там, так і будзе.
Літаральна праз паўгадзіны пасля судовага працэсу жонцы актывіста Ларысе Варонежцавай патэлефанавалі з міліцыі і запрапанавалі забраць рэчы. Пра гэта яна паведаміла Радыё Рацыя:
– Мне патэлефанаваў адзін з міліцыянтаў, які праводзіў ператрус, і сказаў, што я магу падыйсці і забраць свае рэчы, запакаваныя ў скрынях, якія прайшлі праверку. Я зразумела, што гэтыя рэчы прагледжаныя. Гэта – дыскеты, тэлефоны мабільныя, мадэмы, відэакамера. Кампутары ды грошы не вярнулі.
Вяртанне толькі часткі рэчаў Варонежцавых не задавальняе. Яны мусяць працягваць судзіцца з Гомельскай міліцыяй.