viasna on patreon

Пракуратура г. Мінска не бачыць падставаў для змянення меры стрымання Антону Філімонаву

2006 2006-02-17T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце намесніка пракурора г. Мінска Л. Літвінюка, адрасаваным ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і Святлане Завадскай, якая ў канцы студзеня ініцыявала збор подпісаў за змяненне меры стрымання падлетку. Ліст з подпісамі некалькіх дзесяткаў журналістаў - калегаў маці Антона Веранікі Чаркасавай - быў накіраваны пракурору г. Мінска Мікалаю Куліку 1 лютага.

"Улічваючы, што Філімонаў А.Д. абвінавачваецца ў здзяйсненні цяжкага злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 221 КК РБ, а ў адпаведнасці з арт. 126 КПК РБ заключэнне пад варту ў якасці меры стрымання прымяняецца да гэтай катэгорыі асобаў па матывах толькі адной цяжкасці злачынства, падставаў для яе змянення ў гэты час няма", - гаворыцца ў адказе з гарадской пракуратуры. "У адпаведнасці з даведкай медыцынскай часці следчага ізалятара, па стане здароўя абвінавачваны можа ўтрымлівацца пад вартай", - лічаць у пракуратуры.

У звароце журналістаў гаварылася пра тое, што ўтрыманне ў СІЗА можа пацягнуць за сабою адмоўныя наступствы для псіхаэмацыйнага і фізічнага развіцця падлетка, у якога хворыя ныркі і сэрца. Калегі Веранікі выказвалі ўпэўненасць, што Антон, знаходзячыся на свабодзе, "не схаваецца ад органу крымінальнага пераследу і суда, не будзе супрацьдзейнічаць расследаванню справы і разгляду яе ў судзе", і прасілі вызваліць яго з-пад варты.

Нагадаем, што А. Філімонаў утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары на вул. Валадарскага ў Мінску. Яго затрымалі 27 снежня супрацоўнікі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 221 КК РБ. Усе пяцёра правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя Антона, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе арышту была прымененая толькі да Філімонава.
6 студзеня Дыяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка правялі ў Мінску прэс-канферэнцыю, на якой заявілі, што, па іх інфармацыі, падлетка ў СІЗА настойліва змушаюць падпісаць прызнанне ў забойстве маці.
10 студзеня суд Першамайскага раёна г. Мінска адхіліў скаргу дзядулі падлетка Уладзіміра Мялешкі аб змяненні меры стрымання яго ўнуку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства