У акцыі Салідарнасьці ўдзельнічала больш за трыста чалавек
Большасьць удзельнікаў акцыі Салідарнасьці, якая прайшла 16 лютага ў цэнтры Мінску, – сябры моладзевых арганізацый. Яны трымалі ў руках сьвечкі і джынсавыя стужкі. Менавіта гэты колер моладзь абрала сімвалам пераменаў. Некаторыя прыехалі з рэгіёнаў. Былі і людзі сталага ўзросту.
Напачатку акцыі спэцназаўцы затрымалі 16 чалавек, якія стаялі насупраць будынку КДБ. Потым пачалі так званую зачыстку на Кастрычніцкай плошчы. Спэцназаўцы ў цывільным пачалі выціскаць людзей лядовы каток. Іх штурхалі да царквы, што на плошчы Свабоды. Некалькі чалавек ў часе разгону затрымалі і кінулі ў аўтамабіль. Сярод іх – актывіст Маладога Фронту Барыс Гарэцкі.
Каля дваццаці чалавек трымалі ў аддзеле міліцыі на вуліцы Карла Маркса. Калі туды падышлі іх сябры, то міліцыянты пачалі іх выціскаць з вуліцы ў бок праспэкта Скарыны. Калі з двара міліцыі выехаў аўтобус з затрыманымі, некалькі чалавек намагаліся яго не пусьціць, стаўшы на дарозе, але іх таксама выштурхалі з вуліцы. Людзі скандавалі: "Ганьба!" Аўтобус з затрыманымі праводзілі воплескамі.
Лідэр моладзевага руху "Зубр" Алег Мяцеліца і два актывіста "Маладога Фронту" Алег Корбан і Барыс Гарэцкі, затрыманыя падчас разгону мірнай акцыі, правялі ноч у аддзяленьнях міліцыі: Алег Мяцеліца – у Партызанскім РУУС, "маладафронтаўцы" -- у Цэнтральным. Сёньня над імі адбудзецца суд.
Вядома, што на Алег Мяцеліца абвінавачваецца ў парушэньні арт.156 КаАП --дробным хуліганстве.