Мітынгі і пікеты недзяржаўных прафсаюзаў забаронены
7 кастрычніка міжнародная супольнасць адзначыць Сусветны дзень барацьбы за годныя ўмовы працы. Мітынгі і пікеты прафсаюзаў традыцыйна пройдуць ва ўсіх краінах Еўропы за выключэннем Беларусі, дзе недзяржаўным прафсаюзам улады забаранілі ладзіць мерапрыемствы.
У Брэсце недзяржаўныя прафсаюзы правялі круглы стол, дзе вырашылі распаўсюдзіць сярод працуючых горада бюлетэнь "Меркаванне прафсаюза" на правах інфармацыйнага дакумента.
Актывіст Свабоднага прафсаюза Беларускага паведаміў Радыё Рацыя, што сітуацыя з правамі працуючых самая найгоршая:
- Сёння дзяржаўная федэрацыя прафсаюзаў аніяк не абараняе нашыя правы, ні ўмовы працы, ні заробак. Яны не лічаць патрэбным сустракацца з намі, пытаць нашае меркаванне, што адбываецца. Не бачу я прадстаўніка прафкома, адзін-два разы ў год з далёк мы яго бачым. Ён ніколі не запытае, як вам жывецца, працуецца і колькі атрымоўваеце.
Улады Мінска ў апошні момант адмовілі Свабоднаму прафсаюзу металістаў у правядзенні пікетаў, прымеркаваных да Міжнароднага дня барацьбы за годныя ўмовы працы, які адзначаецца з 1999 года ва ўсім свеце.