Мастоўскі раённы суд пакараў гарадзенскага актывіста
Трынаццатага лютага суд Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласьці пакараў гарадзенскага моладзевага актывіста Яўгена Скрабутана штрафам на дзесяць мінімальных базавых велічыняў. Яго зьвінавацілі паводле артыкулу 167/3, палічыўшы, што знаходжаньне каляндарыкаў з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча ў яго прыватнай торбе зьяўляецца датэрміновай агітацыяй.
Нагадаем, што Яўген Скрабутан дванаццатага студзеня ехаў цягніком з Гародні ў Масты. У Мастах на пероне яго ўжо чакалі міліцыянты. Яны стаялі каля кожнага вагона і, убачыўшы Яўгена, паведамілі яму, што ў цягніку ў аднаго з пасажыраў скралі тэлефон, таму яны мусяць праверыць торбу Скрабутана.
Калі той адмовіўся яе паказваць, яго адвезьлі ў мясцовы РАУС. Там прыватныя рэчы юнака абшукалі. У торбе знайшлі каляндарыкі з партрэтамі Мілінкевіча, склалі пратакол. І хоць Яўген іх нікому не раздаваў, Суд Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласьці расцаніў яго дзеяньні як датэрміновую агітацыю.