Сяргея Калякіна, кіраўніка Штаба Аляксандра Мілінкевіча, выклікалі у Пракуратуру
Паводле www.milinkevich.org
Сяргея Калякіна, кіраўніка Штаба адзінага прэтэндэнта Аляксандра Мілінкевіча, выклікалі ў панядзелак, 13 лютага, на 9.00 у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь для дачы тлумачэнняў па факту праведзенай ім прэс-канферэнцыі 28 студзеня.
28 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя кіраўніка Штаба адзінага прэтэндэнта Сяргея Калякіна і кіраўніка ініцыятыўнай групы адзінага прэтэндэнта Аляксандра Бухвостава, якая была прысвечаная вынікам збора подпісаў за вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
Падчас канферэнцыі Сяргей Калякін сказаў: “З боку ўлады мы назіраем сёння наўпрост крымінальную справу, крымінальнае злачынства, у якое ўцягнутыя кіраўнікі прадпрыемстваў, адміністрацый, выканаўчай улады, кіраўнікі навучальных установаў і, самае небяспечнае, сюды ўцягнутыя супрацоўнікі праваахоўчых органаў, якія павінны выконваць закон. Паўсюдна ў ворганах унутраных справаў і пракуратуры адбываўся гвалтоўны збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. У гэтым да таго ж удзельнічала адміністрацыя прадпрыемстваў, што наўпрост забаронена Выбарчым кодэксам”.
На прэсавай канферэнцыі Сяргей Калякін заклікаў міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Навумава і генеральнага пракурора Пятра Міклашэвіча стаць на бок закона і беларускага народа і прыняць меры па спыненні правапарушэнняў выбарчага заканадаўства.
“Магчыма, Пракуратура сапраўды хоча заняцца парушэннямі выбарчага заканадаўства. Але я не выключаю пайтору сітауцыі 2004 году, калі за два тыдні да парламенцкіх выбараў на прэс-канферэнцыі я абвесціў факты магчымай фальсіфікацыі па сваёй выбарчай акрузе, - каментуе Сяргей Калякін позву ў Пракуратуру. - Я папрасіў праваахоўныя ворганы прадухіліць парушэнні заканадаўства. Аднак замест гэтага, супраць мяне была ўзбуджана крымінальная справа па факту клеветы на презідэнта Беларусі”.