Тадэвуш Гавін плануе зьвярнуцца ў суд са скарагай на Беларускае тэлебачаньне
Беларускае тэлебачаньне паказала шырока разрэклямаваны фільм пад назвай "Агент 590". Паводле аўтараў, супрацоўнікі польскай амбасады ў Менску нібыта займаліся зборам разьведдазеных. У стужцы прагучалі таксама абвінавачаньні на адрас заснавальніка Саюзу палякаў гарадзенца Тадэвуша Гавіна. З гэтай прычыны ён будзе зьвяртацца ў суд.
У фільме называліся прозьвішчы многіх польскіх грамадзянаў, а зь беларускіх узгадалі толькі Тадэвуша Гавіна: нібыта замежныя дыпляматы актыўна задзейнічалі яго ў антыбеларускай кампаніі… У прыватнасьці, прагучала наступнае: "Аб асабістай зацікаўленасьці ў кантактах з замежнымі спэцыяльнымі цэнтрамі можа сьведчыць такі факт: вось так выглядае офіс арганізацыі, якой калісьці кіраваў Гавін, а вось гэты катэдж у Горадні — ягоны "сьціплы прыстанак", які на членскія ўзносы, нават калі іх усе скрасьці, ну ніяк не пабудуеш. Відаць, даводзілася вайсковаму пэнсіянэру аказваць іншыя, платныя паслугі".
Камэнтуе Тадэвуш Гавін: "У нармальнай дзяржаве такое нават не магло б зьявіцца. Буду падаваць у суд на Беларускае тэлебачаньне, адвакат ужо займаецца гэтым пытаньнем. Прычым, гэты фільм выклікаў нэгатыўную рэакцыю. Яны мне толькі імідж падымаюць, бо ніхто ўжо ня верыць гэтаму тэлебачаньню, ужо нармальныя людзі ня хочуць яго глядзець".
Спадар Гавін гаворыць, што яму тэлефанавалі знаёмыя, выказвалі падтрымку. Дарэчы, яшчэ адзін сябра Саюзу палякаў, не прызнанага ўладамі, Андрэй Пачобут накіраваў заяву генэральнаму пракурору Пятру Міклашэвічу. Спадар Пачобут даводзіць, што беларускія палякі былі наўмысна прыніжаныя стваральнікамі фільма, паказанага па Беларускім тэлебачаньні, паведамляе Радыё Свабода.