viasna on patreon

У Сьветлагорску міліцыя парушыла заканадаўства

2006 2006-02-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Сьветлагорскага раёну (Гомельская вобласць) выявіла, што міліцыя парушыла заканадаўства пры правядзеньні агляду кватэры мясцовага грамадзкага актывіста Тэльмана Масьлюкова. У адносінах да аднаго з міліцыянтаў узбуджаная дысцыплінарная справа.
У сьнежні шасьцёра супрацоўнікаў Сьветлагорскага раённага аддзела ўнутраных справаў правялі агляд кватэры Т. Масьлюкова “па падазрэньні ў захоўваньні зброі і наркотыкаў”. У ходзе агляду былі вынятыя капіравальная тэхніка, камп’ютарныя кампакт-дыскі, кнігі “Палітычная біяграфія А. Лукашэнкі” і “Беларусь: сцэнары рэформаў”, брашуры з разалюцыяй ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі, газэта “Рэгіянальныя навіны” (рэдактар - Т. Масьлюкоў), іншыя друкаваныя выданьні.
Зараз пракуратура Сьветлагорскага раёну завяршыла праверку дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі. Пракурор раёну, саветнік юстыцыі М. Прус прыйшоў да высновы, што пры выняцьці рэчаў міліцыя парушыла Крымінальна-працэсуальны кодэкс. “За парушэньне крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, ў адносінах да ўчастковага інспэктара Сьветлагорскага РАУС Рагалевіча Д. А. узбуджаная дысцыплінарная справа” - паведаміў пракурор.
Звяртае на сябе ўвагу наступная акалічнасьць. Фактычна выняцьцем рэчаў кіраваў намесьнік начальніка Сьветлагорскага РАУС, маёр міліцыі Пётр Зыкун. Па словах сьведкаў, ён асабіста выносіў з кватэры капіравальную тэхніку. Аднак у РАУС віну за неправільныя дзеяньні ўсклалі на ўчастковага інспэктара, на імя якога была аформленая санкцыя для правядзеньня агляду.

Крыніца: пісьмо № 98/05 на імя Т. Масьлюкова за подпісам пракурора Сьветлагорскага раёну, саветніка юстыцыі М. Пруса. Дапаўняльная інфармацыя: Т. Масьлюкоў, тэл. (02342) 4 76 13.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства