23 сакавіка 2003 года, на 53 годзе жыцця раптоўна памёр вядомы грамадскі дзеяч, дырэктар грамадскага аб’яднання “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” Сяргей Абадоўскі.
Няўмольная смерць забрала ад нас выдатнага і мужнага чалавека, які прысвяціў усё сваё жыццё абароне людзей, іх правоў і чалавечай годнасці.
Сяргей належыў да пакалення дэмакратаў яшчэ першай, “перабудовачнай” хвалі. На пачатку 90-х ён актыўна ўдзельнічаў ў заснаванні Свабоднага прафсаюза, стаў першым старшынёй Магілёўскай абласной арганізацыі СПБ. У 1996 годзе Сяргей Абадоўскі разам з аднадумцамі стварае Магілёўскі Праваабарончы Цэнтр. Гэты Цэнтр і дасюль – адзіная ў краіне самастойная ды зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя рэгіянальнага ўзроўню.
Усе гэтыя гады актывісты Цэнтру працавалі як “пажарная каманда”, абараняючы ў судах і пракуратуры ахвяр уладных пераследаў. Часам, самі праваабаронцы, за сваю настойлівасць і прынцыповасць, траплялі ў стан абвінавачаных уладамі правапарушальнікаў. Але гэта не спыняла мужных людзей, не спыняла Сяргея Абадоўскага. Ён шмат чаго зрабіў на сваім шляху. Не адмаўляў нікому, хто звяртаўся да яго па дапамогу. А ўбачыўшы няпраўду, несправядлівасць, парушэнне закону, ішоў да канца, ахвяраваў здароўем і лёсам.
Сяргей аддана служыў ідэалам дэмакратыі і свабоды, грамадзянскай годнасці і высокага сумлення. Ён разумеў і ведаў, што трэба рабіць, намагаўся, каб словы не разыходзіліся са справамі. Сумесна з мясцовай філіяй Беларускага Хельсінскага камітэту наладжваў працу грамадскай правабарончай прыёмнай. Па ягонай ініцыятыве быў праведзены маніторынг працы судоў у Магілёве, а па выніках маніторынгу выйшла “Шэрая кніга”, што паймела шырокі грамадскі рэзананс. Не так даўно, пад кіраўніцтвам Сяргея Абадоўскага пабачыла свет вялікая серыя буклетаў, у якіх тлумачацца правы грамадзян у розных сферах іх жыцця.
...Ён меў шмат планаў, спадзяваўся яшчэ немала зрабіць на карысць людзей, на карысць сваёй Бацькаўшчыны. На жаль, не паспеў. Ягоны зямны час спыніўся. Але засталіся справы. Засталіся людзі, якія не забудуцца пра зробленае Сяргеем Абадоўскім. Светлая памяць аб гэтым мужным змагары будзе натхняць іншых на барацьбу за Свабоду і Правы Чалавека!.
Сябры С. Абадоўскага з Магілёўскага праваабарончага цэнтру, “Кола сяброў”, “Жаночага цэнтру падтрымкі і самаадукацыі”, “Лекарскага саюза” ды іншых грамадскіх аб’янанняў Магілёўшчыны.
Пахаванне дырэктара Магілёўскага праваабарончага цэнтру, сябры Рады Магілёўскай абласной філіі Беларускага Хельсінскага камітэту Сяргея Віктаравіча Абадоўскага адбудзецца ў аўторак, 25 сакавіка а 13 гадзіне, у Магілёве на могілках у раёне вуліцы 30 год Перамогі.