БЕЛАРУСКІ САЮЗ МОЛАДЗЕВЫХ І ДЗІЦЯЧЫХ ГРАМАДЗСКІХ АБ'ЯДНАНЬНЯЎ "РАДА" ЛІКВІДАВАНЫ
6 лютага судзьдзя Вярхоўнага суду Ала Сакалоўская вынесла рашэньне аб ліквідацыі Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб'яднаньняў "Рада". Працэс над саюзам пачаўся 28 студзеня і дзеля вызначэньня лёсу арганізацыі хапіла тыдня. Прадстаўнікі "Рады" называюць ліквідацыю арганізацыі "спланаванай палітычнай кампаніяй".
Нагадаем, што БСМДГА "Рада" абвінавацілі ў парушэньні ўласнага статуту, выкарыстаньні бланкаў з незарэгістраванай сімволікай, супрацоўніцтве з незарэгістраванымі моладзевымі і дзіцячымі арганізацыямі-ініцыятывамі, падтрымцы дэмакратычных моладзевых ініцыятываў, стварэньні рэгіянальных моладзевых радаў, укараненьні эўрапейскай мадэлі моладзевай палітыкі і г. д. Паводле суду, парушэньнем зьяўляецца і намер "Рады" выкарыстаць у сваёй працы досьвед суседняй Літвы, а таксама тое, што арганізацыя, не зьяўляючыся міжнароднай, прадстаўляе інтарэсы моладзевых аб’яднаньняў Малдовы і Ўкраіны на Эўрапейскім форуме.
У рашэньні суду зазначана, што БСМДГА "Рада" занялася палітычнай дзейнасьцю, а гэта, паводле закону аб грамадзкіх аб'яднаньнях, "недапушчальна". Таму суд палічыў абгрунтаванымі патрабаваньні Міністэрства юстыцыі ліквідаваць арганізацыю на падставе арт. 57 Грамадзянскага кодексу Беларусі. Адзінае зьнятае з саюзу абвінавачаньне – "падбухторваньне да ўмяшаньня ва ўнутраныя справы дзяржаўных органаў".
"Ліквідатарам" у справе "Рады" стаў Аляксандар Харытон, які традыцыйна прадстаўляў Мінюст. На рахунку А. Харытона ўжо налічваецца каля дзесяці справаў па зьнішчэньні непадкантрольных уладам грамадзкіх арганізацыяў.
Супрацоўнікі і юрысты "Рады" з рашэньнем суду ня згодныя. "Некаторыя парушэньні статуту сапраўды мелі месца, — гаворыць Сьвятлана Каралёва, старшыня прэзыдыюму "Рады". — Але мы заўсёды імкнуліся, каб наш статут быў дэмакратычным і дакладным. Нам былі патрэбныя ўсяго 2-3 месяца, каб унесьці зьмены і наладзіць працу. Але "Раду" ліквідавалі і не далі ніводнага шанцу". Паводле словаў С. Каралёвай, яе грамадзкае аб’яднаньне мае рэпутацыю добрага і аўтарытэтнага партнэра і ў Беларусі, і ў Эўропе. "Я спадзяюся, што мы здолеем захаваць гэта," — сказала старшыня прэзідыюму ліквідаванай "Рады".