Гародня: Суд над прафесарам Алесем Астроўскім і грамадскім праваабаронцам Уладзімірам Хільмановічам не адбыўся
23 верасня ў Гародні меўся адбыцца суд над ведамым навукоўцам, прафесарам Алесем Астроўскім і ягонай жонкай Аксанай, а таксама грамадскім праваабаронцам і журналістам Уладзімірам Хільмановічам. На іх былі заведзены адміністрацыйныя справы за арганізацыю пікета ў абарону беларускага школьніцтва, які быў зладжаны 2 верасня перад будынкам гарвыканкаму. Астроўскія і Хільмановіч патрабавалі рэалізацыі іх права на навучанне сваіх дзяцей па беларуску. У той дзень яны былі затрыманыя, а праз тыдзень на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Позвы ў суд былі дасланыя на 23 верасня на 10.00. Аднак, напярэдадні Астроўскім патэлефанавалі і паінфармавалі, што суд пераносіцца на няпэўны тэрмін. Уладзіміру Хільмановічу пра гэта не паведамілі ўвогуле.
Калі Алесь і Аксана Астроўскія і Уладзімір Хільмановічі прыйшлі ў суд Ленінскага раёну, суддзя Наталля Козел паведаміла, што працэс не адбудзецца ў звязку з дадатковым вывучэннем матэрыялаў супрацоўнікамі міліцыі.
Уладзімір Хільмановіч кажа: “Такі перанос працэсу яшчэ раз сведчыць пра тое, што нашы дзяржаўныя ўстановы не маюць належнай адказнасці за свае дзеянні. Калі ім сорамна за гэтую адміністрацыйную справу, то яе можна закрыць. Калі ж праваахоўныя органы лічаць, што мы парушылі закон, то трэба весці судовы працэс. Што там можна дадаткова вывучаць? Гэта проста смешная прычына пераносу суду. А тое, што мне не паведамілі пра перанос працэсу, сведчыць пра безадказнасць службовых асоб. Сапраўды адзін званок на мой мабільны тэлефон, які я прапусціў напярэдадні, пасля шасці гадзін вечара быў. Але можна было б патэлефанаваць яшчэ. А так гэта элементарная непавага да грамадзян. Сапраўдная ж прычына пераносу суду ў тым, што ўлады баяцца грамадскага розгаласу, разумеючы, што праўда на нашым баку, таму што, выйшаўшы на пікет, мы патрабавалі найперш выканання законнасці”.