У ВАЎКАВЫСКУ АДБЫЛІСЯ ПЕРАТРУСЫ Ў СЯБРОЎ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ АЛЯКСАНДРА МІЛІНКЕВІЧА
Увечары, пятага лютага, каля дзевятнаццаці гадзінаў, ваўкавыскія міліцыянты правялі вобшукі ў прыватных кватэрах Віктара Вайчука і Віталя Гулякі. Міліцыянты мелі ордэр на вобшук, падпісаны пракурорам Ваўкавыска. Падставай для такіх радыкальных дзеяньняў міліцыі стала тое, што напярэдадні хтосьці пакінуў на сьценах гарадзкіх дамоў надпісы кшталту “Уйди” і “Уйди пожалуйста”.
“Гэта звычайная правакацыя, – сьцьвярджае Мікола Аксаміт, кіраўнік штаба і ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў Ваўкавыску, пад кіраўніцтвам якога прцавалі абшуканыя актывісты. – Прычым ня першая. Нас затрымлівалі нават у першы дзень збору подпісаў, сьцьвярджаючы, што іх зьбіраць можна толькі 19-га сакавіка. Прычым рабілі затрыманьне тады, калі ў двары сабраліся людзі. Рабілі наўмысна, каб людзей запалохаць.
А зараз, праводзячы вобшук нібыта з-за надпісаў, фарбай нават не пацікавіліся. Іх больш цікавілі кніжныя паліцы і друкаваныя матэрыялы. Сканфіскавалі кампутарны сістэмны блок?!!! А ўсім вядома, што Віктар Вайчук і Віталь Гуляк на сьценах нічога не пісалі і пісаць ня будуць, бо шануюць свой горад. Іх “віна” хіба ў тым, што працавалі ў ініцыятыўнай групе і зараз сабралі подпісы за ўключэньне іх у выбарчыя ўчастковыя камісіі.
Гэты факт падцьвярджаецца і тым, што хлопцам загадалі паехаць у РАУС у якасьі сьведкаў (!?), а там дапытваліся пра колькасны склад групы Мілінкевіча і планы яе дзейнасьці”.
Ваўкавыскія актывісты абураныя такімі дзеяньнямі і падалі скаргі ў мясцовую пракуратуру і генеральнаму пракурору, паведаміў праваабаронца Віктар Сазонаў.