У Жодзіне паседжаньне выканкаму па фармаваньні ўчастковых камісіяў праходзіла закрыта, выніковы склад камісіі невядомы
Заяўнікі, якія былі вылучаныя грамадзянамі амаль у кожную камісію, аказаліся пазбаўленыя магчымасьці прысутнічаць і назіраць працэдуру прыняцьця рашэньня па заяўленых кандыдатурах, і дагэтуль ня маюць магчымасьці даведацца пра канчатковыя вынікі разгляду.
Праўдападобна, засакрэчваньне прынятага выканкамам рашэньня зроблена для таго, каб грамадзкія актывісты ня мелі дастаткова часу для яго аспрэчваньня і для інфармаваньня грамадзкасьці ў гэтай справе. Акрамя таго, стала вядома, што ідэалягічны аддзел і непасрэдна першы намесьнік старшыні выканкаму Ўладзімер Сямашка па выніках зваротаў грамадзянаў, якія вылучылі прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, прымаў арганізацыйныя рашэньні. У прыватнасьці, з складу ўчастковых камісіяў выдаляюць асобаў, прозьвішчы сваякоў якіх былі заўважаныя ў заявах, што былі пададзеныя без ініцыятывы «вэртыкалі».
Варта адзначыць, што сябра ініцыятыўнай групы А. Мілінкевіча, грамадзкі актывіст Аляксей Лапіцкі на свой афіцыйны зварот да старшыні Жодзінскага выканкаму Васіля Грышчанкі аб часе правядзеньня паседжаньня па фармаваньні складу ўчастковых выбарчых камісіяў па Жодзінскай гарадзкой выбарчай акрузе не атрымаў аніякага адказу. Тады А. Лапіцкі ў сераду, 1 лютага, асабіста накіраваўся ў выканкам, каб атрымаць інфармацыю. Аднак дзяжурны міліцыянт і чалавек у цывільным па надуманай прычыне яго не прапусьцілі. Па тэлефоне ўдалося даведацца, што ў камісію прыехала праверка зь Менску і кіраўніцтва будзе занятае да абеду. Пры гэтым загадчык арганізацыйна-кадравай працы Сяргей Афанасенкаў і загадчык справамі выканкаму Зарэцкі не маглі нават адказаць на пытаньне, ці ўжо адбылося паседжаньне выканкаму па фармаваньні ўчастковых камісіяў.
Пасьля заканчэньня абедзеннага перапынку А. Лапіцкі, які ўжо ведаў, што паседжаньне выканкаму адбылося а 9-й гадзіне, ўсё ж прарваўся ў прыймальню. Там ён напісаў некалькі заўвагаў у кнігу скаргаў і прапановаў Жодзінскага выканкаму, заявы-запыты ў выканкам і выбарчую камісію для таго, каб даведацца пра вынікі паседжаньня. Бо нават пасьля заканчэньня фармаваньня ўчастковых камісіяў ніхто не даваў магчымасьці азнаёміцца з ягонымі вынікамі, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.