На актывістку "Зубра" Любоў Кучынскую аказвае ціск адміністрацыя ветэрынарнай акадэміі
Як распавяла другакурсьніца з Віцебска Любоў Кучынская радыё Свабодзе, з тае пары, як у ВНУ даведаліся пра ейную апазыцыйную дзейнасьць у арганізацыі "Зубр", ёй наўмысна заніжаюць адзнакі і не дазваляюць пераздаваць іспыты.
Мінулую сэсію яна здала на 8 балаў і атрымлівала падвышаную стыпэндыю, а на гэтай пачаліся праблемы. Адзін з іспытаў, паводле спадарыні Кучынскай, яна прапусьціла з прычыны хваробы. Другі іспыт яна меркавала пераздаць з-за таго, што выкладчык зьбіраўся паставіць ёй недастаткова высокую адзнаку. На трэцім іспыце яна атрымала "адзінку", бо экзамэнацыйная камісія палічыла, што студэнтка сьпісвала.
Пераздаць гэтыя тры іспыты ў часе сэсіі Любові Кучынскай не дазволілі, і дзяўчына мяркуе, што гэта можа стаць падставаю для ейнага адлічэньня з акадэміі. Паводле ейных словаў, яшчэ ў сьнежні мінулага году рэктар пагражаў ёй выключэньнем за апазыцыйную дзейнасьць, бо прадстаўнікі адміністрацыі знайшлі ў ейным інтэрнацкім пакоі налепкі з лічбай "16" ды іншыя друкаваныя матэрыялы да Дня салідарнасьці.
У дэканаце факультэта ветэрынарнай медыцыны не пацьвердзілі, што адміністрацыя ВНУ мае да студэнткі Кучынскай прэтэнзіі палітычнага характару. Але актывістка "Зубру" гаворыць, што адчувае звышпільную ўвагу з боку кіраўніцтва акадэміі, асабліва з тае пары, як у студэнцкім гарадку пачалі штомесяц праходзіць акцыі з запаленымі на знак салідарнасьці сьвечкамі.