Партыйцаў затрымліваюць нават у кавярнях
У Гародні супрацоўнікамі міліцыі 14 верасьня быў затрыманы намеснік старшыні гарадзенскай суполкі партыі БНФ Максім Губарэвіч. Па словах затрыманага, яго забралі з кавярні пасля вобшуку заплечніка, пратрымалі ў аддзяленні міліцыі і без складання пратакола адпусцілі. Па яго словах міліцыянераў цікавілі улёткі, якія ён меў у заплечніку.
- Фактычна ўсё скончылася тым, што супрацоўнік міліцыі, які мяне затрымоўваў, напісаў рапарт свайму начальніку, аддаў, і мне сказалі, што магу ісці. Іх цікавіла з усяго што я меў у плецаку толькі ўлёткі Кастусёва і партыйнае пасведчанне партыі БНФ. Гэта ў мяне забралі, кудысці насілі, абмяркоўвалі. І затым сказалі: да пабачэння.
Актывіст зазначыў, што ніякага пратакола яму падпісаць не далі, а ўсё затрыманне выглядала вельмі дзіўна.