Лідзія Ярмошына: «Гэта альбо правакацыя, альбо танная сенсацыя…»
У інтэрнеце пайшлі гуляць чуткі, што быццам бы 16 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзіць на сваім пасяджэнні праект пастановы ніжняй палаты аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў. І ў адпаведнасці з праектам гэтага дакумента, падрыхтаваным спецыяльна створанай дэпутацкай групай, прэзідэнцкія выбары прапаноўваецца прызначыць на 26 верасня.
- Што вы, гэта самая сапраўдная "утка", - пракаментавала факт "Народнай Волі" старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. - Нічога такога няма, і я наогул упершыню пра гэта чую. Гэта нехта вырашыў альбо запусціць правакацыю, альбо танную сенсацыю. Нічога такога не будзе, і больш таго - я абсалютна ўпэўнена, што мяне па меншай меры паставілі б у вядомасць і запрасілі б на пасяджэнне.