viasna on patreon

Выбарчы кодэкс Беларусі не гарантуе дэмакратычнасць выбараў, заяўляюць эксперты АБСЕ і Венецыянскай камісіі СЕ

2010 2010-06-07T09:45:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybarchy_kodeks-bdipch.jpg

Унесеныя ў Выбарчы кодэкс Беларусі папраўкі з'яўляюцца крокам да ўстаранення недахопаў, але не гарантуюць правядзення адкрытых і дэмакратычных выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве экспертаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы.

Поўны тэкст дакумента размешчаны на афіцыйным сайце АБСЕ.

"Папраўкі ўключаюць у сябе шэраг паляпшэнняў, прынятых на падставе нашых рэкамендацый, якія мы давалі ў нашых мінулых ацэнках выбараў паводле вынікаў працы назіральнікаў і падчас кансультацый з беларускімі ўладамі", — адзначыў дырэктар БДІПЧ АБСЕ Янез Лянарчыч.

Разам з тым ён падкрэсліў неабходнасць далейшай працы па паляпшэнні беларускага выбарчага заканадаўства. Напрыклад, растлумачыў Лянарчыч, "патэнцыяльна пазітыўны эфект ад шэрагу паправак можа быць сапсаваны недахопамі ў працэдуры падліку галасоў".

У сваю чаргу сакратар Венецыянскай камісіі Томас Маркет заявіў: адно толькі заканадаўства не можа гарантаваць правядзення выбараў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. "Якасць наступных выбараў у Беларусі будзе залежаць не толькі ад дзейнага заканадаўства. Важна яшчэ, як заканадаўчая база будзе прымяняцца", — падкрэсліў ён.

На думку міжнародных экспертаў, для паляпшэння выбарчага працэсу ў Беларусі неабходна спрасціць працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў і правядзення агітацыйнай кампаніі, даць дадатковыя гарантыі па правядзенні датэрміновага галасавання, дазволіць аспрэчваць рашэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі ў Вярхоўным судзе.

У заяве адзначаецца, што ў Беларусі адсутнічаюць крытэрыі ў працэдуры выбару членаў выбарчых камісій.

У дакуменце асабліва падкрэсліваецца, што папраўкі ў Выбарчы кодэкс так і не далі гарантыі таго, што назіральнікі змогуць сачыць за працэдурай падліку галасоў.

АБСЕ і Венецыянская камісія гатовы да далейшага цеснага супрацоўніцтва з Мінскам па ўсіх пытаннях рэфармавання выбарчага заканадаўства.

БДІПЧ АБСЕ таксама спадзяецца, што зможа ўбачыць эфект ад унесеных паправак падчас назірання за прэзідэнцкімі выбарамі.

Папраўкі ў Выбарчы кодэкс былі прыняты ў снежні 2009 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства