Незалежная радыёстанцыя будзе вяшчаць з Польшчы на ультракароткіх і сярэдніх хвалях
Уласьнікамі радыё будуць беларусы. Варшаўскі ўрад абяцае датацыі, радыё таксама спадзяецца на прыватныя фундацыі. Бюджэт гадавога праекту вымяраецца ў сотнях тысяч даляраў.
Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа настроены аптымістычна: "Калі пра стварэньне каналу заяўляе сам прэм'ер, то варта верыць у яго жыцьцяздольнасьць". Гэта ён пра заяву, зробленую прэм'ерам Польшчы Казімежам Марцінкевічам з нагоды візыту да беларусаў у Гайнаўку. Было заяўлена, што новая радыёстанцыя пачне надаваць "у бліжэйшыя тыдні". Тыдзень мінуў - і нічога.
Меркаваны дырэктар радыё, экс-кіраўнік "Радыё 101,2" Зьміцер Новікаў, махае рукою: "Ня вызначаны ні фармат вяшчаньня, ні нават назва каналу. Вакол праекту заангажавана шмат амбітных людзей, кожны зь якіх мае ўласны погляд на будучае прадпрыемства". Новая станцыя зьявіцца ў этэры толькі 20 студзеня ці 1 лютага. І то, мусіць, спачатку толькі ў Інтэрнэце.
За ідэю вяшчаньня з Польшчы змагаліся дзьве групоўкі антаганістаў. Адны настойвалі на фармаце грамадзка-палітычнай радыёстанцыі - на ўзор "Свабоды", але недзяржаўнай. Другія выступалі за больш займальна-музычны фармат. А рабіць ім, відаць, давядзецца ў адной запрэжцы.
Паводле інфармацыі "НН", на будучым радыё будуць працаваць журналісты зачыненых недзяржаўных газэтаў, рок-музыкі і нават адзін былы супрацоўнік АНТ. Цяпер яны праходзяць навучаньне на ўкраінскіх радыёстанцыях, дзе іх трэніруе былы праграмны дырэктар "Альфа-Радыё" Сяргей Кузін.