Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 24 склікання. Папярэднія высновы.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 24 склікання паказалі, што беларускія ўлады не маюць намеру змяняць выбарчае заканадаўства і практыку яго выкарыстання ў бок дэмакратызацыі і празрыстасці выбарчага працэсу. На жаль, афіцыйныя ўлады так і не ўлічылі рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ і Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама прапановы па зменах і дапаўненнях выбарчага заканадаўства, вынесеныя грамадскімі аб’яднаннямі і апазіцыйнымі палітычнымі партыямі.
Практыка прымянення дзеючага заканадаўства ў галіне выбараў, а таксама выяўленыя падчас ажыццяўлення назірання за ўсімі этапамі выбарчага працэсу парушэнні даюць падставы сцвярджаць, што выбары ў мясцовыя Саветы 24 склікання насілі недэмакратычны характар, не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення выбараў.
Выбары ў мясцовыя Саветы яшчэ раз яскрава прадэманстравалі недасканаласць дзеючага нацыянальнага выбарчага заканадаўства і неабходнасць яго далейшага ўдасканалення. Выявіліся асноўныя праблемы дзеючага Выбарчага кодэкса:
n адсутнасць дакладна замацаванай працэдуры захавання бюлетеняў і скрыняў для галасавання;
n адсутнасць дастатковай абароны бюлетэняў і скрыняў;
n адсутнасць гарантый уваходжання прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў у склад выбарчых камісій усіх узроўняў;
n недакладна прапісаны правы назіральніка;
n наяўнасць датэрміновага галасавання;
n кантроль выбарчага працэсу з боку адміністратыўнай вертыкалі.
Усе гэтыя недахопы ў сукупнасці робяць выбарчы працэс непразрыстым, закрытым для кантроля з боку шырокай грамадзянскай супольнасці, робяць магчымымі маніпуляцыі і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Аналіз выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 24 склікання, які прыводзіцца ніжэй, зроблены на падставе інфармацыі, прадстаўленай рэгіянальнымі аддзяленнямі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, атрыманай імі падчас ажыццяўлення назірання за ўсімі этапамі выбарчай кампаніі, у тым ліку датэрміновым галасаваннем і днём выбараў, а так сама інфармацыі Цэнтральнай камісіі і публікацый у афіцыйным друку.
Прававое рэгуляванне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў
Прававой базай, якая рэгулюе парадак арганізацыі і правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, іншыя нарматыўна-прававыя акты, якія рэгламентуюць перадвыбарчую дзейнасць, а таксама Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Пастановы, выдадзеныя Цэнтральнай камісіяй для правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 24 склікання, змянілі прарадак правядзення выбарчай кампаніі, абмежавалі правы суб’ектаў выбараў. У той жа час прынятыя Цэнтральнай камісіяй рэкамендацыі для працы тэрытарыяльных і ўчастковых камісій так і не ўрэгулявалі ў патрэбнай ступені парадак захавання выбарчых бюлетэняў, скрыняў для галасавання.
У агульнай колькасці для правядзення выбарчай кампаніі Цэнтральнай камісіяй было выдадзена 15 Пастановаў. Варта адзначыць, што пры прыняцці некаторых з іх Цэнтральная камісія выйшла за межы нормаў, устаноўленых Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, чым перавысіла ўстаноўленыя заканадаўствам паўнамоцтвы.
Так, Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 16 снежня 2002 г. у п. 1 устанавіла, што не дапускаецца выкарыстанне сродкаў кандыдатаў у дэпутаты, давераных асобаў, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, грамадзян у мэтах вырабу перадвыбарчых плакатаў. У той жа час, згодна з ч. 8 арт. 45 Выбарчага кодэксу, з моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты палітычныя партыі, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, кандыдаты ў дэпутаты маюць права на выраб перадвыбарчых плакатаў, заклікаў, заяваў, надпісаў, улётак, фотаматэрыялаў (далей – плакатаў). Такім чынам, Пастанова Цэнтральнай камісіі супярэчыць патрабаванням ВК Рэспублікі Беларусь.
Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 14 студзеня 2003 г. устанавіла, што сустрэчы з выбаршчыкамі па-за памяшканнямі павінны адбывацца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. “Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаваннях” і Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 11 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні парадка правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і іншых мерапрыемстваў і пікетавання ў Рэспубліцы Беларусь” ад 2001 г. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь утрымлівае такія абмежаванні толькі ў ч. 4 арт. 45 -- для правядзення сустрэч выбаршчыкаў пры абмеркаванні пытанняў, якія вынесены на рэферэндум.
Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 25 лістапада 2002 г., якая рэгулюе парадак ажыццяўлення назірання за выбарамі, насуперак патрабаванням арт.арт. 13, 155 ВК Рэспублікі Беларусь, устанавіла колькаснае абмежаванне назіральнікаў на ўчастку. Гэтая ж Пастанова ўстанавіла, што рэспубліканскія кіруючыя органы палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў могуць накіроўваць назіральнікаў толькі на паседжанні Цэнтральнай камісіі. Такім чынам, Пастанова абмежавала правы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, зменшыла магчымасці ажыццяўлення назірання за выбарамі. Гэта супярэчыць Закону “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, згодна з якім грамадскія аб’яднанні з рэспубліканскім статусам маюць права ажыццяўляць дзейнасць на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, грамадскія аб’яднанні, згодна са сваімі статутамі, могуць і не мець арганізацыйных струкур, аднак у такім выпадку яны не могуць назіраць за выбарамі ў тэрытарыяльных, акружных камісіях і на ўчастках для галасавання.
Асобна хацелася б адзначыць, што з самага пачатку выбарчай кампаніі Цэнтральная камісія стварыла атмасферу закрытасці і таямнічасці вакол распрацаваных ёю метадычных рэкамендацый. Цэнтральная камісія адмовілася прадставіць Грамадскаму аб’яднанню “Праваабарончы цэнтр “Вясна” для азнаямлення метадычныя рэкамендацыі для працы ўчастковых камісій. Гэта паслужыла падставай для сумеснага звароту ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і ГА “Незалежнае таварыства прававых даследванняў” у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь. У сваім адказе Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь У. Васілевіч выказаў меркаванне, што павінны быць створаны ўмовы для атрымання такой інфармацыі ўсімі зацікаўленнымі суб’ектамі. З 9 снежня 2002 г. метадычныя рэкамендацыі і Пастановы Цэнтральнай камісіі, паведамленні аб ходзе выбараў сапраўды змяшчаліся на сайце Цэнтральнай камісіі і былі даступныя шырокаму колу карыстальнікаў. Аднак дадзеная інфармацыя была не поўнай і нерэгулярнай. Так, у метадычных рэкамендацыях для працы ўчастковых камісій адсутнічаў узор зацверджанага Цэнтральнай камісіяй выніковага пратакола. У сувязі з гэтым ГА ПЦ “Вясна” звярнулася ў Цэнтральную камісію з просьбай прадставіць для азнаямлення ўзор пратакола. Цэнтральная камісія адмовілася, спаслаўшыся на тое, што дадзеная інфармацыя тычыцца толькі сяброў участковых камісій. ГА ПЦ “Вясна” было вымушана паўторна звярнуцца ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь.
Недасканаласць выбарчага заканадаўства стала прычынай шматлікіх парушэнняў падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, не забяспечыла незалежнасці выбарчых камісій ад органаў выканаўчай улады, празрыстасць і адкрытасць усіх этапаў выбарчай кампаніі.
Фармаванне выбарчых камісій
Працэс фармавання выбарчых тэрытарыяльных і ўчастковых камісій адбываўся цалкам непразрыста. Пераважная большасць камісій былі створаны з прадстаўнікоў працоўных калектываў і шляхам падачы заяваў ад грамадзянаў. Праведзены аналіз складу тэрытарыяльных і ўчастковых камісій выявіў тэндэнцыю ўключэння ў склад камісіяў прадстаўнікоў адміністрацый прадпрыемстваў і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання шляхам падачы заяваў ад выбаршчыкаў. Таксама варта адзначыць, што шматлікія ўчастковыя камісіі былі створаныя з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыва, часта на 100 %. Пры гэтым нярэдка кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў самі балатаваліся ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.
Падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы назіралася выразная тэндэнцыя ўмяшальніцтва і кантролю адміністрацый прадпрыемстваў за працай участковых камісій.
У сувязі з тым, што ў выбарчым заканадаўстве не прапісана працэдура разгляду заяваў прэтэндэнтаў, шматлікім прадстаўнікам грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый было адмолена ва ўключэнні ў склад камісій. Пры гэтым ім не тлумачылі прычын неўключэння, не запрашалі на паседжанні органаў, што ствараюць камісіі. У некаторых выпадках падставамі для неўключэння ў склад той ці іншай камісіі з’яўлялася адстунасць досведу працы ў камісіі. Вылучэнне прадстаўнікоў у склад камісій ускладнялася яшчэ і тым, што палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні павінны былі мець зарэгістраваныя ніжэйстаячыя структурныя падраздзяленні.
Такім чынам, пры фармаванні выбарчых камісій праігнараваны патрабаванні арт.арт 11, 35 ВК РБ, парушаны прынцып шырокай рэпрэзентатыўнасці і празрыстасці стварэння камісій.
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Вылучэнне кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў ажыццяўлялася шляхам збору подпісаў, вылучэннем ад палітычных партый і працоўных калектываў.
Варта адзначыць, што парадак вылучэння ад палітычных партый і ад працоўных калектываў, замацаваны ў ВК Рэспублікі Беларусь, носіць не роўны характар. Так, для вылучэння кандыдата ад палітычнай партыі неабходна наяўнасць зарэгістравнага структурнага падраздзялення, а для вылучэння ад працоўнага калектыва -- наяўнасць толькі подпісаў членаў калектыва.
Асноўнымі прычынамі адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты былі: недакладнасці ў анкетных дадзеных, няпоўная інфармацыя аб даходах у дэкларацыях, несапраўдныя подпісы ў падпісных лістах. У той жа час адсутнічалі даступныя для прэтэндэнтаў у кандыдаты інструкцыі аб правільным запаўненні дэкларацый, а выбарчыя камісіі не кансультавалі аб парадку іх запаўнення, хаця гэта прадугледжана ў п. 1 Пастановы Цэнтральнай камісіі № 36. У выніку шматлікія прэтэндэнты не былі зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў з-за недакладнасцяў у дэкларацыях аб даходах, пры гэтым вельмі часта неўказаны даход складаў вельмі нязначныя сумы. Таксама вельмі часта каныдадатам прыпісвалася маёмасць, якой яны не валодалі. У выніку абскарджання рашэнняў аб нерэгістрацыі ў вышэйстаячыя камісіі і суды некалькі прэтэндэнтаў у кандыдаты былі зарэгістраваны, аднак згубілі час на правядзенне агітацыйнай кампаніі.
Працэс вылучэння суправаджаўся моцным ціскам з боку ўладаў і па месцы працы кандыдатаў, у выніку чаго многія з іх былі вымушаны адмовіцца ад удзелу ў перадвыбарчай барацьбе.
Агітацыйная дзейнасць
Згодна з арт. 45 ВК Рэспублікі Беларусь, грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам, давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты, ініцыятыўным групам, што праводзяць агітацыю за абранне кандыдата ў дэпутаты, прадастаўляецца права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў у дэпутаты, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі “за” ці “супраць” кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэч з выбаршчыкамі. Аднак Пастанова Цэнтральнай камісіі ад ад 14 студзеня 2003 г. абмежавала магчымасці агітацыі падчас сустрэчаў з выбаршчыкамі па-за памяшканнямі (гл. раздзел “Прававое рэгуляванне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў”).
Сустрэчы з выбаршчыкамі праводзіліся ў памяшканнях, вызначаных тэрытарыяльнымі камісіямі сумесна з мясцовымі органамі кіравання. Пры гэтым колькасць такіх сустрэч вызначалася самастойна тэрытарыяльнымі камісіямі, а не кандыдатамі ў дэпутаты. У некатарых выпадках мясцовыя органы ўлады не давалі санкцыю на правядзенне пікетаў з мэтай правядзення сустрэч з выбаршчыкамі.
Абмежаванымі былі таксама магчымасці па вырабу агітацыйных матэрыялаў. Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 16 снежня 2002 г. сур’ёзна абмежавала магчымасці ў першую чаргу незалежных кандыдатаў і кандыдатаў ад дэмакратычных партый на выраб агітацыйнай прадукцыі. Выдзяляемых на агітацыйныя мэты сродкаў было недастаткова для арганізацыі агітацыйнай кампаніі ў вялікіх гарадах, дзе акругі часам налічваюць да 20 000 выбаршчыкаў. Перавышенне кандыдатамі выдзеленых сродкаў прыводзіла да адмены рашэнняў аб іх рэгістрацыі, пры гэтым такія рашэнні прымаліся толькі ў адносінах да незалежных ад улады кандыдатаў і часам насілі вельмі сумнеўны характар. Так, кандыдат у Мінскі гарадскі Савет Раіса Міхайлоўская была пазбаўлена рэгістрацыі за тое, што заламініравала свае перадвыбарчыя плакаты. Гэта, на думку камісіі, перавысіла выдзеленыя (8 мін. зар.) сродкі.
Адначасова многія кандыдаты карысталіся падтрымкай мясцовых адміністрацый, якая выражалася ў прадастаўленні памяшканняў для правядзення разнастайных лекцый і выступаў (падчас бацкоўскіх сходаў у школах, ЖЭС і г.д.), выкарыстанні падначаленых для правядзення агітацыі, змяшчэнні артыкулаў аб дзейнасці кандыдатаў у мясцовых дзяржаўных СМІ (друкаваных органах мясцовых адміністарцый, аблвыканкамаў, гарвыканкамаў і г.д.). Вельмі часта наклады гэтых СМІ значна перавышалі ўказаныя і бясплатна раздаваліся выбаршыкам. У гэты ж час незалежныя кандыдаты і кандыдаты ад дэмакратычных партый не мелі магчымасці карыстацца гэтымі ж СМІ ці прымаць удзел у сустрэчах з выбаршчыкамі падчас бацькоўскіх сходаў у школах, ЖЭС і ў іншых месцах, не вызначаных тэрытарыяльнымі камісіямі. Варта адзначыць, што вялікая колькасць друкаванай прадукцыі распаўсюджвалася без выходных дадзеных.
Такім чынам, не былі выкананы патрабаванні роўных магчымасцяў для кандыдатаў, якія гарантуюцца ВК Рэспублікі Беларусь, шырока быў выкарыстаны адміністратыўны рэсурс для правядзення агітацыйнай кампаніі кандыдатаў, якія падтрымлівался ўладай.
Датэрміновае галасаванне.
Датэрміновае галасаванне, згодна з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства, пачалося за пяць дзён да выбараў -- 25 лютага 2003 г.
У адпаведнасці з арт. 53 ВК Рэспублікі Беларусь, выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства, мае права не раней чым за пяць дзён да выбараў запоўніць у памяшканні ўчастковой камісіі бюлетэнь і апусціць яго ў асобную скрыню для галасавання. Ніякіх тлумачэнняў аб немагчымасці прагаласаваць у дзень выбараў пры гэтым прадстаўляць не трэба.
Такая ліберальная норма ў сукупнасці з недасканалым выбарчым заканадаўствам дазваляе уладам маніпуляваць пры арганізацыі датэрміновага галасавання. Самай распаўсюжанай формай маніпуляцыі з’яўляецца арганізацыя прымусовага датэрміновага галасавання. Гэтая форма, адпрацаваная ўладамі яшчэ пры правядзенні выбараў 2000-2001 гг., актыўна была выкарыстана і падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Пад ціскам адміністрацыі ў датэрміновым галасаванні прымалі ўдзел студэнты ВНУ і тэхнікумаў (асаблівы ціск аказваўся на тых, хто пражывае ў інтэрнатах), рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. Назіральнікі ГА ПЦ “Вясна” зафіксавалі факты прымусовага датэрміновага галасавання ў большасці буйных гарадоў краіны. Звяртае на сябе ўвагу тое, што выбары на такіх участках адбыліся ўжо падчас датэрміновага галасавання.
Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што датэрміновае галасаванне немагчыма пракантраляваць назіральнікам, давераным асобам кандыдатаў. Пасля заканчэння галасавання выбарчыя ўчасткі зачыняюцца, і выбарчыя скрыні ўсе пяць дзён і начей знаходзяцца на выбарчых участках, дзе дзяжураць супрацоўнкі міліцыі. Пры гэтым доступ да выбарчых скрыняў магчымы і з боку прадстаўнікоў мясцовых адміністрацыяў. Ніякіх спецыяльных мер для захавання скрыняў і бюлетэняў не прымаецца. Адзіным патрабаваннем з’яўляецца тое, што скрыні павінны быць апячатаны, а пасля датэрміновага галасавання шчыліна скрыні павінна быць заклеена паперай і апячатана. Ніякіх інструкцый па захаванні бюлетэняў і выбарчых скрыняў (месцы і спосабу захавання) не існуе. Усе гэта ў сукупнасці дае неабмежаваныя магчымасці для маніпуляцый і фальсіфікацый вынікаў галасавання. Факт арганізацыі прымусовага датэрміновага галасавання, на думку назіральнікаў, сведчыць пра жаданне ўладаў мець такія магчымасці.
Па звестках Цэнтральнай камісіі, якія былі агучаныя 1 сакавіка, па краіне ў датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 14% выбаршчыкаў. Найбольшая колькасць прагаласаваўшых датэрмінова -- Віцебская вобласць – 17 %, а найменьшая ў г. Мінску – 12%. Аднак пасля заканчэння выбараў лічба грамадзянаў, прыняўшых удзел у датэрміновым галасаванні, змянілася і дасягнула 21% выбаршчыкаў. Па афіцыйных дадзеных Цэнтральнай камісіі гэтыя лічбы склалі: па Брэсцкай вобласці – 23, 18 %, Віцебскай – 20,8%, Гомельскай – 18,7%, Гродненскай - 21,7%, Мінскай – 20,7%, Магілёўскай – 23,3%, г. Мінск – 17,9%.
Галасаванне ў дзень выбараў.
Асноўнае галасаванне праходзіла 2 сакавіка 2003 г з 8.00 да 20.00. Па дадзеных Цэнтральнай камісіі, усяго ў галасаванні па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 24 склікання прыняло ўдзел 73% выбаршчыкаў (з улікам датэрміновага галасавання).
Назіральнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку ГА ПЦ “Вясна”, выказвалі шэраг заўваг па правядзенні выбараў, сярод якіх: адсутнасць на некаторых участках кабінак альбо асобнага пакою для правядзення таемнага галасавання, выдача двух і болей выбарчых бюлетэняў у адны рукі, галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў з парушэннямі працэдуры, прадугледжанай выбарчым заканадаўствам.
Аднак асноўныя заўвагі былі выказаныя назіральнікамі па працэдуры падліку галасоў. Згодна з арт. 55 ВК Рэспублікі Беларусь, перад ускрыццём скрынь для галасавання ўсе нявыкарыстаныя бюлетэні па выбарах падлічваюцца і гасяцца, а затым складаюцца ў пакеты, апячатваюцца і падпісваюцца старшынёй і сакратаром камісіі ў прысутнасці сяброў камісіі. Ускрыццё скрынь для галасавання і падлік галасоў ажыцяўляюцца па чарзе: спачатку падлічваюцца бюлетэні, што знаходзяцца ў скрыні для датэрміновага галасавання, затым – якія знаходзяцца ў скрынях для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, і пасля -- ў скрынях для галасавання ў дзень выбараў. Дадзеныя падліку заносяцца ў пратакол. Аднак узор пратакола, зацверджаны Цэнтральнай камісіяй, не прадугледжвае адлюстравання ў ім вынікаў раздзельнага падліку галасоў, усе вынікі падліку падаюцца разам.
Не спрыяла адкрытасці і празрыстасці выбарчага працэсу тое, што выбарчыя камісіі адмаўляліся прадстаўляць назіральнікам інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. Разам з тым выбарчыя камісіі паведамлялі дадзеную інфармацыю мясцовым адміністрацыям і райвыканамам пасля кожнага дня папярэдняга галасавання. Назіральнікі, якія прысутнічалі на ўчастках падчас правядзення датэрмінова галасавання, самастойна вялі ўлік колькасці выбаршчкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, аднак, калі ў дзень галасавання сябры камісіяй агучвалі лічбы па датэрміновым галасаванні, яны часта перавышалі дадзеныя назіральнікаў.
Вялікія нараканні назіральнікаў выклікала сама працэдура падліку галасоў. Назіральнікам вызначаліся месцы на вялікай адлегласці ад сталоў, дзе адбываўся падлік галасоў, і яны не мелі магчымасці паўнаваратасна назіраць за дадзенай працэдурай. Зафіксавана шмат выпадкаў, калі камісіі не гасілі перад падлікам невыкарыстаныя бюлетэні і не праводзілі радзельнага падліку галасоў.
Назіранне за выбарамі.
Назіранне за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў ажыццяўлялася сябрамі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, даверанымі асобамі кандыдатаў у дэпутаты. Так, згодна з арт. 155 ВК Рэспублікі Беларусь, назіральнікам з’яўляецца асоба, упаўнаважаная палітычнай партыяй, іншым грамадскім аб’яднаннем. Арт. 13 ВК Рэспублкі Беларусь гарантуе права прысутнічаць на ўчастку прадстаўнікам палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў без колькасных абмежаванняў. Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 25 лістапада 2002 г. істотна абмежавала магчымасць назірання за выбарамі, устанавіўшы, што назіральнікам можы быць толькі сябра палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання, а таксама ўстанавіла колькаснае абмежаванне назіральнікаў – адзін прадстаўнік партыі ці грамадскага аб’яднання, болей -- толькі з дазволу старшыні камісіі.
Нярэдка ад назіральнікаў, накіраваных на участкі для галасавання, патрабавалі прадаставіць копіі пасведчанняў аб рэгістрацыі (пастаноўцы на ўлік) аддзяленняў аб’яднання, палітычных партый, пасведчанні аб сяброўстве ў аб’яднанні. Гэтыя патрабаванні стваралі дадатковыя перашкоды ажыццяўленню назірання.
Пасля накіравання назіральнікаў на ўчасткі для галасавання некаторыя НГА былі падвергнуты праверкам з боку упраўленняў юстыцыі. Так, напрыклад, пасля накіравання назіральнікаў на шэраг участкаў Мінскім гарадскім аддзяленнем ГА “Таварыства беларускай мовы ім. Ф. Скарыны” Упраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама распачало праверку справаводства гэтай арганізацыі. Правяраючых цікавілі пратаколы аддзялення аб накіраванні назіральнікаў на ўчасткі. Варта нагадаць, што падобная практыка была характерна для выбараў 2001 г.
Выбарчыя спрэчкі і практыка іх вырашэння.
Згодна з дзеючым заканадаўствам, асобы, указаныя ў арт. 13 ВК Рэспублікі Беларусь, пры выяўленні парушэнняў выбарчага заканадаўства маюць права звярнуцца з заявай аб ліквідацыі парушэння ў адпаведную альбо вышэйстаячую камісію, органы пракуратуры. Скарыстоўваючы гэтае права, яшчэ на папярдніх этапах выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы, грамадкія аб’яднанні звярталіся са скрагамі ў органы пракуратуры, вышэйстаячыя камісіі са скаргамі на парушэнні выбарчага заканадаўства з боку камісій, іншых кандыдатаў.
Асабліва варта адзанчыць практыку судовых абскарджанняў дзеянняў камісій. Згодна з ГПК Рэспублікі Беларусь, у судовым парадку можна абскардзіць недакладнасці ў спісах выбаршчыкаў, а таксама іншыя дзеянні выбарчых камсій у адпаведнасці з дзючым заканадаўствам. ВК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае права абскарджваць у судовым парадку рашэнні камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата, устанавіўшы пры гэтым дасудовы парадак абскарджання такіх рашэнняў у вышэйстаячыя камісіі. Рашэнні судоў пры гэтым з’яўляюцца канчатковымі і ў касацыйным парадку абскарджанню не падлягаюць.
Вельмі часта суды адмаўлялі ў разглядзе скаргаў па прычыне пропуску тэрмінаў пры абскарджанні ў вышэйстаячых камісіях. Усяго па краіне праз суды і вышэйстаячыя камісіі былі адноўлены рэгістрацыі 14 кандыдатаў у дэпутаты. Асаблівую занепакоенасць выклікае адсутнасць магчымасцяў судовага абскарджання дзеянняў Цэнтральнай камісіі, а таксама абскарджанне ў судовым парадку рашэнняў тэрытарыяльных камісій аб прызнанні сапраўднымі адбыўшыхся выбараў.
Варта адзанчыць, што заканадаўчае абмежаванне магчымасцяў абскарджання ўсіх дзеянняў выбарчых камісіяў істотна абмяжоўвае правы суб’етаў выбарчага працэсу.
Заключэнні і абагульненні.
Агульны аналіз тэндэнцый арганізацыі і правядзення выбараў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 24 склікання дазваляе казаць пра ў цэлым недэмакратычны характар адбыўшыхся выбараў.
Асноўнымі падставамі, якія дазваляюць рабіць такую выснову, з’яўляецца невыкананне наступных прынцыпаў дэмакратычных выбараў:
n фармаванне незалежных ад адміністрацыі выбарчых камісій;
n прадастаўленне роўных магчымасцяў для ўсіх кандыдатаў падчас правядзення агітацыйнай кампаніі;
n прадухіленне выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу;
n празрыстасці ўсіх этапаў выбарчага працэсу.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 24 склікання яшчэ раз яскрава падцвердзілі неабходнасць унясення зменаў у дзеючае выбарчае закнанадаўства і прывядзенне яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў.
ГА ПЦ “Вясна” канстатуе, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 24 склікання не адпавядаюць прынцыпам дэмакратычнасці і адкрытасці выбарчага працэсу.
Мінск.
4 сакавіка 2003 г.