Затрымалі віцебскага журналіста Ўладзіслава Стараверава
Незалежнага журналіста затрымалі «за здымкі рэжымнага аб’екту». Так тлумачаць супрацоўнікі Віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня, якія не жадаюць называць свае прозьвішчы. Паводле міліцыянтаў, Уладзіслава Стараверава завязуць у Першамайскі РАУС, каб скласьці пратакол ці ўзяць тлумачэньні.
Журналіста затрымалі на Маскоўскім праспэкце, недалёка ад рэжымнай установы, дзе ад сёньня адбываюць пакараньні Сяргей і Віталь Каваленкі, асуджаныя Кастрычніцкім райсудом за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Для Ўладзіслава Стараверава гэта ўжо другое затрыманьне за два дні. Учора яго некалькі гадзін пратрымалі ў Кастрычніцкім РАУС, патрабуючы тлумачэньняў, ці здымаў ён акцыю каля Кастрычніцкага райсуду, перад якім Сяргей Каваленка ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг. Пыталіся таксама, ці не зафіксавана ў ягоных відэазапісах, хто вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на будынку Кастрычніцкага райаддзелу. Сьцяг правісеў там некалькі хвілінаў.
Уладзіслаў Старавераў кажа, што міліцыянты патрабуюць, каб ён зьнішчыў відэазапісы, зробленыя сёньня.
У Першамайскім РАУС, куды завезьлі журналіста, зьнішчаць запісы ўсё ж ня сталі, аднак забралі відэакасэту. Міліцыянты патлумачылі, што будуць вывучаць яе зьмест, а потым вернуць. У 21:15 Уладзіслава Стараверава адпусьцілі дахаты.