viasna on patreon

На фестывалі праваабарончых фільмаў у Празе Беларусь абмінулі

2010 2010-03-18T19:54:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дасланыя заяўкі тычыліся вулічнага супраціву, але арганізатары палічылі гэту тэму трывіяльнай.

UPDСёлета міжнародны фестываль праваабарончых фільмаў “One World” праходзіць 10-18 сакавіка ў Празе пад патранатам Вацлава Гавела. Фестываль праводзіцца з 1999 года і вельмі папулярны ў свеце. Беларускія рэжысёры ўжо даўно прабілі туды дарогу. Але сёлета ніводнага фільма пра нашу краіну на фэст не патрапіла.

Адзін з арганізатараў фестывалю патлумачыў Еўрарадыё:
“Наконт Беларусі паступіла некалькі заявак, людзі сочаць за падзеямі ў Беларусі, даследуюць. І нам патрэбныя адпаведныя, якасныя фільмы. Без паўтораў таго, што ўжо мінула. Нічога асабістага, але вяртацца да ўжо зробленага – гэта занадта проста. Арганізацыя “Людзі ў нястачы”, якая суарганізуе фестываль, мае беларускую секцыю. Мы былі расчараваныя, што не маем сёлета добрага праваабарончага фільма з Беларусі”.
Не былі прынятыя заяўкі на фільмы, дзе апісваецца беларускі супраціў – арганізатары палічылі тэму шматкроць выкарыстанай і трывіяльна знятай. Да таго дадаліся меркаванні, што не гэта вызначае жыццё ў сучаснай Беларусі.

Аказваецца, беларускія рэжысёры дасылалі заяўкі на фільмы, якія былі створаныя да 2009 года. А фестываль One World праводзіцца штогод.

Усяго арганізатары прагледзелі больш за 1600 стужак з усяго свету, адабралі каля 100. Пераможцаў абвесцяць 18 сакавіка.

 “Еўрарадыё” прагледзела некалькі конкурсных фільмаў і адзначыла: сапраўды, трэнды сучаснага праваабарончага фільма змяніліся. Аўтараў, гледачоў і крытыкаў цікавіць не столькі кантраверсійнасць і гучнасць тэмы (хаця і гэта важна). Фокус фестывалю павернуты на асобнага чалавека ― пад гнётам абставінаў, ідэалогій, злачынных дзяржаў або стыхійных бедстваў.
Нездарма суарганізатары сёлетняй імпрэзы – добра вядомая, сяброўская беларусам арганізацыя “Чалавек у нястачы” (People In need, Člověk v tísni).

Сярод фільмаў, якія нас уразілі – “10 станаў любові”, пра уйгурскую дысідэнтку Рэбію Кадыр (Rebiya Kadeer). Сама яна ўратавалася ад кітайскіх уладаў, а вось яе дзяцей знішчылі. “Сіроты бірманскага цыклона” – пра 10-гадовага Е Пінта(Ye Pyint), які адзін гадуе 6-гадовую сястру і 3-гадовага брата ў жабрацкай, спустошанай краіне. “Укамяневаныя жанчыны” – пра іранцаў, якія шукаюць сваіх забітых камянямі маці, а іх ужо пахавалі няведама дзе ў пранумараванай труне. “КімЧэнІрыя” – пра штодзённае жыццё ў Паўночнай Карэі. “Тыбет спявае” – пра тое, што за любоў да свае культуры ў Тыбеце можна страціць жыццё. 

“Адзіны Свет” – адзін з вядучых кінафестываляў аб рэальным жыцці чалавека.  Ён уваходзіць у Сетку праваабарончага кіно, якая аб’ядноўвае 29 фэстаў па ўсім свеце.

Варта заўважыць: пра Іран здымаюць ірландцы, пра Кітай ― амерыканцы. Чэхі выправіліся на памежжа Казахстана і Кітая, каб здымаць там фільм пра канадцаў. Можа, і беларусам пара вылузнуцца са свайго кокана і пачаць здымаць фільмы пра адзіны сусвет?

UPD: Сёлетнія пераможцы 12-га фестывалю дакументальных фільмаў One World абвешчаныя. Узнагароды пераможцам будуць уручаныя вечарам 19 сакавіка падчас урачыстай цырымоніі ў кінатэатры “Lucerna”.

Журы вызначыла найлепшы фільм і найлепшага рэжысэра. Найлепшым фільмам прызнаны “Вораг народу” (Enemies of the People). Міністр культуры Чэхіі ўручыў прыз рэжысёру фільма Робу Лемкіну (Rob Lemkin).

Прыз найлепшага рэжысёра атрымаў Павел Лазіньскі (Pawel Łoziński) з Польшчы за фільм “Чэма” (Chemo).

Фільм вядомага чэскага рэжысэра Рудольфа Врбы (Rudolf Vrba) “Сонца за аблокамі” (The Sun Behind the Clouds) перамог у намінацыі “Права ведаць”. Журы гэтай намінацыі складаюць не кінадзеячы, а харызматычныя, адважныя правабаронцы з усяго свету. “Сонца за аблокамі” адзначанае і спецыяльным прызом Вацлава Гавэла за “паказ унікальных магчымасцяў абароны правоў чалавека”.

Журы Рудольфа Врбы адзначыла спецыяльным прызом фільм “Тыбет спявае” (Tibet in Song).

 Прыз Чэскага радыё за творчае выкарыстанне музыкі і гуку у дакументальным фільме атрымаў фільм Томаша Кудрны (Tomáš Kudrna) “Усё, што блішчыць” (All That Glitters).

Студэнцкае журы ўзнагародзіла Марыю Мээрман і яе фільм «Хачу быць босам» (I Wanna Be Boss).

Чэшская Вышэйшая школа эканомікі і менеджменту (VŠEM ) ушанавала сваім прызом фільм Томаша Шкрдланта (Tomáš Škrdlant) ”Непрыемнае” (The Unwelcome).

Сайт праекта: http://www.oneworld.cz/2010/

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства