viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Праваабароны на наша жыцьцё хопіць

2010 2010-03-11T15:43:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki1.jpg
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

На «Радыё Свабода»  11 сакавіка адбылася онлайн-канфэрэнцыя з кіраўніком праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім. Прапануем вашай увазе некаторыя, найбольш актуальныя пытанні і адказы на іх сп. Бяляцкага.

Пытаньне: Уважаемый Алесь почему только БХД и Вясна власти должны зарегистрировать? А другие не менее уважаемые организации, как За свободное развитие предпринимательства Союз Чернобыль - Беларусь Разам и другие организации должны оставаться пасынками?

Адказ: Шаноўны Васіль, я з Вамі згодны -- на нашым беларускім полі грамадзянскай супольнасьці павінна расьці шмат розных кветак. І чым болей, тым лепей!

Пытаньне: Ці мяняюць улады сваю тактыку адносна парушэньня правоў чалавека? Якія спосабы зараз сталі больш распаўсюджанымі, а што яны ўжо баяцца рабіць?

Адказ: Цяжка ў гэтым сьвеце прыдумаць што-небудзь новае. Галоўнае, што мы адзначаем -- застаюцца тэндэнцыі ва ўладах максымальна кантраляваць грамадзянскую актыўнасьць, "трымаць і не пускаць", а спосабы мяняюцца, у залежнасьці ад патрэбы, як інструмэнты ў руках у неспрактыкаванага зладзюгі. Зараз уладам больш пасуюць затрыманьні і зьбіцьцё без складаньня пратаколаў, адміністратыўныя штрафы, выкарыстаньне войска як інструмэнту рэпрэсіяў супраць моладзевых актывістаў, пагрозы і звальненьні па месцы працы і вучобы. Але, на жаль, нішто не перашкаджае ўладам пры актывізацыі грамадзкай актыўнасьці зноўку вярнуцца да адміністратыўных зьняволеньняў і крымінальнага перасьледу.

Пытаньне: Вы заметили, что желающих наблюдать за выборами очень много, со стороны демсил: и в комиссиях хотят быть, и в наблюдении и мониторить? А вот желающих стать кандидатами, единицы. О чём это говорит? О том, что выборов нет и не будет, а вы всё ищите нарушения, которых пруд пруди. Может стоит не играть в игры без правил, а отказаться от этой показухи и не подыгрывать властям? Думаю, что надо быть честными перед собой в первую очередь! Выборы будут без выборов. Народ устал и смеётся над всеми избирательными процессами. Пусть директора заводов и прихлебатели соревнуются между собой в одиночестве. Это будет явный удар по власти. Основной упор надо сделать на президентские. На победу от мракобесия. А наблюдать можно всё что угодно, только если есть что и кого. Думаю, тысячи примеров давления на народ и его активную часть, есть повод вести другую игру с властями. Игру смеха, а не подставлять последних из могикан.

Адказ: Наконт пэрспэктываў гэтых выбараў, я, Мікалай, з Вамі згодны. Пасьля фармаваньня ўчастковых камісіяў, зьвесткі пра якія да нас з усёй Беларусі даходзяць літаральна ў гэтыя дні, ілюзіяў амаль не засталося. Выканаўчыя ўлады ізноў непадзельна кантралююць выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а гэта -- самы просты шлях да маніпуляцыяў з боку кіраўніцтва камісіяў пад час выбараў. Але, “ня злоўлены -- ня злодзей”. Таму нашая задача, праваабаронцаў, якія праводзяць грамадзянскую кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары", правесьці маніторынг усяго выбарчага працэсу і пабудаваць свае заключэньні на канкрэтных фактах, а не на домыслах. Таму назіраньне -- гэта карысная справа і назіраць -- трэба.
Што тычыцца ўдзелу ў выбарах, гэта мусяць вырашаць гульцы беларускага палітычнага поля -- палітычныя партыі. Пераважная большасьць з іх вырашыла ўдзельнічаць. І адным з аргумэнтаў чуецца як раз тое, што неўзабаве -- прэзыдэнцкія выбары, і што ўдзел у мясцовай выбарчай кампаніі зьяўляецца своеасаблівай трэніроўкай. Я таксама мяркую, што лішні раз легальна пахадзіць па людзях, паразмаўляць з народам, паслухаць, паагітаваць -- гэта карысна. Урэшце, як раз ад людзей нашых залежыць як далей будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ў краіне, наколькі доўга яны яшчэ зьбіраюцца цярпець. А палітычныя актывісты праз удзел у агітацыйных кампаніях мусяць трымаць руку на пульсе грамадзкага жыцьця.

Пытаньне: Вы калісьці былі сябрам Беларускай каталіцкай грамады, а зараз пад вашым кіраўніцтвам "Вясна" паступова пераходзіць да абароны правоў сэксуальных меншасцяў.
У вас змяніліся погляды? адносіны да веры? як гэтыя факты між сабой можна пагадзіць?

Адказ: Час ляціць. 20 гадоў таму Беларуская каталіцкая грамада зрабіла моцны штуршок для рэанімацыі рэлігійнага жыцьця ў Беларусі і для ўсталяваньня беларускай мовы ў каталіцкіх касьцёлах. І я прыклаў да гэтага свае намаганьні і душу. Для мяне асабіста рэлігійныя перакананьні, вера ў Бога не пярэчаць талерантнасьці ў шырокім сэнсе гэтага слова, у тым ліку і да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. Быць вернікам у маім разуменьні гэта значыць -- мець вялікае цярпеньне і разуменьне іншасьці ў любых ейных праявах. У традыцыйным постсавецкім беларускім грамадзтве існуе шмат забабонаў і неадукаванасьці ў пытаньнях, датычных сэксуальных меншасьцяў. Сэксуальная арыентацыя блытаецца з сэксуальнымі паводзінамі і адчуваньнем полавай прыналежнасьці. На ўсё на гэта накладзена нябачнае табу. Урэшце я хацеў бы нагадаць вернікам-традыцыяналістам, што ў савецкія часы аднолькава перасьледваліся як вернікі, так і прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў. Мы ж не Саветы!

Пытаньне: Спадар Алесь! 10 сакавіка Еўрапарламент запатрабаваў у сваёй рэзалюцыі зарэгістраваць праваабарончы цэнтар "Вясна". Аднак у мінулым годзе Вы заяўлялі пра тое, што больш спробаў рэгістрацыі Вы рабіць ня будзеце. Якія планы ў звязку з гэтай акалічнасцю Вы зараз будуеце? Ці будзе "Вясна" зарэгістраваная?

Адказ: Для нас, беларускіх праваабаронцаў вельмі важна, што вось ужо некалькі разоў на працягу апошніх паўтара гадоў Эўрапарлямэнт згадвае пра пытаньне легалізацыі нашай дзейнасьці і патрабуе рэгістрацыі Праваабарончага цэнтру "Вясна". Нагадаю, што летась мы двойчы падавалі дакумэнты на рэгістрацыю і двойчы па сьмешных прычынах міністэрства юстыцыі адмаўляла нам у гэтым. Пасьля чаго мы заявілі, што больш гуляцца ў рэгістрацыю з уладамі ня будзем. Калі беларускія ўлады сасьпеюць да цывілізаванага дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю, што мае на ўвазе і рэгістрацыю няўрадавых арганізацыяў без штучных абмежаваньняў, і калі мы атрымаем ясны сыгнал пра згоду на нашае легальнае існаваньне, тады паглядзім. А зараз сьпяшацца ня будзем.

Пытаньне: camu vy vyicli z BNF praz nekalki dzion paslia Ziezdu.

Адказ: Леташні крызіс у Партыі БНФ, які прывёў да зьмены кіраўніцтва партыі быў апошняй кропляю. Урэшце актыўнай партыйнай дзейнасьцю я не займаюся ўжо гадоў 8. Праваабарона забірае ўвесь час і ні на што іншае яго не хапае. Апроч таго, занятак праваабаронаю мае на ўвазе і партыйную нэўтральнасьць. Таму апошнія гады мяне ў Фронце ўтрымлівала толькі тое, што я быў адным з заснавальнікаў БНФ, які і нарадзіўся, дарэчы, падчас устаноўчага сходу праваабарончай арганізацыі "Мартыралёг Беларусі". І каб ня гэта, каб не разуменьне таго, што ў нашым грамадзтве мусіць быць сапраўды беларуская палітычная партыя, дык даўно б ужо трэба было выйсьці. Вось урэшце гэты час і надышоў.

Пытаньне: Пытаньняў некалькі: Як часта вы ходзіце ў музеі? Як літаратуразнаўца, якую б кніжку вы параілі абавязкова прачытаць кожнаму беларусу? Найбольш выбітная асоба 20 ст. з вашага пункту гледжання? Хто з беларусаў найбольш варты Нобелеўскай прэміі?

Адказ: На жаль, ня часта. Вось ўчора ішоў паўз Мастацкі музэй і каторы раз ужо зьвярнуў увагу на выставу слуцкіх паясоў, якія прывезьлі з Масквы. Пазайздросьціў, але мусіў толькі прысьпешыць хаду, каб не спазьніцца на суд да Аўтуховіча. Люблю музэі, люблю выставы, люблю опэру і балет, але бываю там выпадкова і зрэдзьчасу. Як літаратуразнаўца я б параіў пачытаць кожнаму беларусу хрэстаматыю беларускай старажытнай літаратуры. Там столькі ўсяго і хопіць надоўга. А як аматар і чытач -- з паэзіі пачытайце Эдуарда Акуліна, а з прозы -- Барыса Пятровіча. Чытайце ўсіх былых "Тутэйшых" -- пальцаў на руках ня хопіць, каб пералічыць усіх цудоўных празаікаў і паэтаў. Найбольш выбітная асоба 20-га стагодзьдзя, на маю думку, Янка Купала. Ён для нас, для беларусаў -- больш чым паэт. Ён -- прарок, і яго трэба ўздымаць высока-высока. Нобэлеўскай прэміі варты з сучасных літаратараў -- Алесь Разанаў, з грамадзкіх дзеячоў -- Станіслаў Шушкевіч, з навукоўцаў, на жаль, ня ведаю.

Пытаньне: Вітаю Алесь, якія стасункі мае "Вясна" з праваабаронцамі Расеі і праваабаронцамі іншых краін Эўропы, у прыватнасьці - Фінляндыі? І якім чынам праваабаронцы іншых краін мгуць поўплываць на рашэньні таго ж Эўразьвязу? Мне даходзіць газэта фінскай "міжнароднай амністыі" і за пару год я там бачыў толькі заметку датычную Беларусі аб тым, што З.Дашкевіча вызвалілі з турмы.З павагай, Лявон.

Адказ: Прывітаньне, Лявон! З праваабаронцамі Расіі ў нас працоўныя стасункі. У кастрычніку летась паехаў я на суд "Мэмарыялу" з Кадыравым, як міжнародны назіральнік, прывёз адтуль грып і захварэў потым на запаленьне лёгкіх. Так што супрацоўнічаем. З праваабаронцамі ў Эўропе -- стасункі добрыя. Мы шмат кантактуем і яны шмат нам дапамагаюць. Таксама моцна дапамагаюць лабіраваць пытаньне з правамі чалавека ў Беларусі ў сваіх краінах, урадах і на ўзроўні ЕЗ. Фінскія праваабаронцы, на жаль, тут не актыўныя. Чаму -- ня ведаю. Тут таксама трэба каб была яшчэ цікавасьць займацца абаронай правоў за межамі сваёй краіны. Не ва ўсіх яна ёсьць.

Пытаньне: Добры дзень, сп. Алесь. Ведаю Вас як добрага эсэіста. Вашая кніга "Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера" вельмі лёгкая і цікавая, таксама ведаю, што вы спрычыніліся да недаўнега выданьня вершаў А. Сыса, за што Вам асобнае вялікае дзякуй. Можа, распавядзеце, ці пішыце вы зараз штосьці, і ці не плянуеце новых асабістых выданьняў?

Адказ: Пляную, але часу, на жаль, няшмат. Хаця імкнуся нешта рабіць. Вось зараз толькі як выйшла ў сьвет цудоўная аповесьць Барыса Пятровіча "Плошча", у якой апісваюцца памятныя падзеі пяцігадовай даўнасьці да якой я таксама спрычыніўся, бо быў яе рэдактарам. Усім ахвотным і тым, хто меў дачыненьне да сакавіцкай Плошчы Каліноўскага ў 2006 годзе -- раю пачытаць.

Пытаньне: Вашае стаўленьне да новай грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!". З аднаго боку, як пішуць у прэсе, кампанію падтрымалі такія вядомыя асобы як Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Жана Літвіна і Тацяна Процька, з другога, ёсьць меркаваньне, што гэта антыбеларуская правакацыя, бо разасланыя паштоўкі на расейскай мове, як і створаны сайт? Што, па-вашаму, стаіць за гучным заклікам казаць праўду?

Адказ: Сама ідэя – цікавая, але што з яе атрымаецца – пабачым. У любым выпадку, мы падтрымліваем любыя грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на пашырэньне прасторы для грамадзкай дзейнасьці.

Пытаньне: Калі нарэшце прыйдзе ВЯСНА?

Адказ: Я моцна веру Янку Купалу, які быў напісаў:
Не пужайся, што лісьць пажаўцелы
Лес скідае з канца да канца,
Дый не чуць птушак пеўчых дзень цэлы
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
Яшчэ прыйдзе вясна!

Пытаньне: Ci ne adbila pravaabarona cikavosc' da litaratury i zhyccia? Pra shto zgadvaecca z najbolshaj pryemnasciu i chago vam ne stae dzelia pounaga shchascia (tolki ne kazhyce - svabody i nezalezhnasci Belarusi)?

Адказ: Не, не адбіла, але прафэсійна пасунула занятак літаратуразнаўствам на другі а можа і трэці плян. А ток і пульс жыцьця ў праваабароне адчуваецца як нідзе. Ні дня спакою, увесь час нейкія падзеі і прыгоды… Для поўнага шчасьця мне нестае стану нічоганяробленьня. Я вельмі люблю нічога не рабіць.

Пытаньне: Алесь, уявіце сабе, што адбыліся сумленныя выбары, у выніку якіх у Беларусі змянілася ўлада, змянілася да лепшага сітуацыя з правамі чалавека. Вы застанецеся ў праваабароне ці зоймецеся нечым іншым?

Адказ: Застануся, безумоўна. Ня так хутка мяняецца мэнтальнасьць людзей, каб усё ў грамадзтве зьмянілася са зьменаю ўлады. Нам яшчэ працаваць і працаваць. Формы працы, вядома, зьменяцца, болей увагі будзем удзяляць тады праваабарончай адукацыі, праўнай экспэртызе, сытуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах, але гэта ўсё – надоўга, на наше жыцьцё, дакладна, хопіць.

Пытаньне: Чаму Вас, як праваабаронцу, не хвалявала выкіданьне з партыі Міхалевіча?
Адказ: Як праваабаронцу мяне хвалявала тое, як Алеся Міхалевіча затрымлівалі і судзілі за ягоную грамадзкую дзейнасьць. І тут мы яму дапамагалі як маглі.

Пытаньне: Добры дзень сп. Алесь. Як вы лічыце ці магчыма ўвогуле супрацоўніцтва паміж уладай і праваабарончымі арганізацыямі (не беручы пад увагу цяперашнія палічныя акалічнасці)? Якое месца праваабарончага руху ў Беларусі вы бачыце ў будучым, пры дэмакратычным ладзе? Як бачыце суадносіны палітыкі і праваабароны? Дзякуй вялікі за адказ.

Адказ: У прынцыпе гэтае супрацоўніцтва магчымае, але яно павінна мець строга акрэсьленыя межы. Можна і трэба працаваць разам у адукацыйнай і асьветніцкай галіне, у экспэртных прававых паслугах, у маніторынгу і кантролю пенетэнцыярнай сыстэмы, іншых праваахоўных структураў. Але я супраць змовы паміж уладаю і праваабарончымі арганізацыямі, калі, як напрыклад зараз у Азербайджане, частка з іх сядзіць на дзяржаўных датацыях і ціха маўчыць. Што тычыцца палітыкі і праваабароны, то мой асабісты вопыт падказвае мне – гэтыя галіны грамадзкай дзейнасьці хоць і маюць цеснае ўзаемадачыненьне, але яны павінны быць ясна разьдзеленыя. Элемэнты правааброны, адпаведнай сьвядомасьці, праваабарончай культуры проста неабходны ў дзеяньнях палітыкаў, але як мага меней палітыкі павінна быць у дзеяньнях праваабаронцаў. Не заўсёды мэты палітыкаў і праваабаронцаў супадаюць.

Пытаньне: Не планирует ли "Весна", как одна из крупнейших правозащитных организаций в стране, принять какую-нибудь резолюцию в поддержку майского гей-прайда в Минске?

Адказ: Не плянуе.

Пытаньне: Добры дзень Алесь. Як вядома беларуская апазіцыя даўно ўжо не выглядае маналітна, у ёй есць розныя палітычныя плыні, партыі: ад правых да левых. Як вы лічыце, прадстаўнікі гэтых апазіцыйных рухаў і партыў, якія называюць сабе дэмакратычнай апазіцыяй рэжыму Лукашэнкі разумеюць сутнасць правоў чалавека, іх значэнне ў сучасным грамадстве і свеце? Часам складаецца ўражанне, што для некаторых апазіцыйных палітыкаў (не для ўсіх вядома) правы чалавека гэта часовая палітычная каньюктура ў змаганні з рэжымам і не больш за тое. Што вы думаеце на гэты конт?

Адказ: Добры дзень! Я думаю, што апазыцыйныя актывісты разумеюць сутнасьць правоў чалавека значна лепей за сёньняшнія беларускія ўлады. Але, і нашая добрая старая апазыцыя і новыя моладзевыя групоўкі – як гэта ня сумна, можа і лепшая частка беларускага грамадзтва, але й таксама з сваімі прымхамі і забабонамі. Тут важна як раз уцягваньне беларускіх актывістаў у агульныя эўрапейскія працэсы, у адукацыйныя і асьветніцкія праграмы ды іншыя мерапрыемствы. Бо сьветапогляд людзей – гэта не застылая канстанта, яна мае схільнасьць мяняцца з цягам часу. Галоўнае каб працэс росту прававой сьвядомасьці ішоў няўхільна і ўгору. А эўрапейскія стандарты, усталяваныя ў Эўрапейскім Зьвязе, тут для нас зьяўляюцца адпаведным маяком

Пытаньне: Алесь, хачу яшчэ запытаць. Ці былі выпадкі, калі ў "Вясну" зьвярталіся па дапамогу тыя, хто працаваў на гэтую ўладу, а потым быў ёю пакрыджаны не па законе?

Адказ: Былі і такія. Але было значна болей людзей, якія спрабавалі там, ва ўладных структурах дабіцца праўды ці спрабавалі заняць незалежную пазыцыю і былі выкінутыя ці зьедзеныя гэтай сыстэмаю. Мы падтрымліваем усіх, хто спрабуе змагацца з няпраўдаю і несправядлівасьцю.

Пытаньне: Цікава было б пачуць ваш каментар да апошняй рэзалюцыі Эўрапарламенту па Беларусі. У параўнаньні з папаряэднімі рэзалюцыямі, прадмет увагі значна зьменьшыўся - ужо не патрабуюць адмяніць канкрэтныя артыкулы крымінальнага кодэкса, напрыклад, артыкул 193-1. Ці не падаецца вам дзіўным, што сітуацыя з Саюзам палякаў робіцца для эўрапарламентароў галоўным паказчыкам стану правоў чалавека ў Беларусі?

Адказ: Эўрапарлямэнт, мне падаецца, слушна адрэагаваў на гэтыя рэпрэсіі, азначыўшы гэта як абмежаваньне права на асацыяцыі, якім валодаюць усе беларускія грамадзяне, незалежна ад нацыянальнасьці. У пераліку такіх арганізацыяў у рэзалюцыі Эўрапарлямэнту апынуліся і Праваабарончы цэнтар “Вясна” і Саюз палякаў у Беларусі і Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя. А тое, што эўрапарлямэнтары з Польшчы найбольш актыўна рэагуюць на гэтую сытуацыю з непрызнаным уладамі СПБ, дык гэта ж натуральна. Шкада, што мы ня маем там сваіх дэмакратычных прадстаўнікоў. Што тычыцца зьместу рэзалюцыі, дык у нас, вядома, ёсьць некалькі вельмі надзённых тэмаў, на якія варта пастаянна зьвяртаць увагу -- гэта і артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу і сытуацыя з палітычнымі прызыўнікамі, і сытуацыя з сьмяротным пакараньнем.

Пытаньне: То бок вы супраць пераследу сэкс. меншасцяў, але і супраць адопцыі імі дзяцей, прызнання іх бракаў? так я зразумеў вашую пазіцыю? наколькі вашая асабістая пазіцыя ўплывае на агульную пазіцыю каманды Вясны?

Адказ: Так, я супраць перасьледу сэксуальных меншасьцяў, у нас у Канстытуцыі запісана, што любая дыскрымінацыя ў нас забараняецца. Што тычыцца шлюбаў, я асабіста ня бачу ніякіх праблемаў. Усё роўна, па факце, такія партнёрскія саюзы існуюць. У нас сьвецкая дзяржава і ўсе шлюбы рэгіструюцца дзяржаўнымі органамі. Я ня бачу перашкодаў для рэгістрацыі і аднаполых шлюбаў. Я мяркую, што такія саюзы могуць займацца і выхаваньнем дзяцей, калі яны ў стане забясьпечыць ім нармальнае псыхалягічнае і сацыяльнае разьвіцьцё. Шмат у якіх краінах існуе закон, які рэгулюе юрыдычныя ўзаемастасункі такіх саюзаў. У "Вясны" ёсьць вызначаная пазыцыя па гэтых пытаньнях. Беларусь калісьці будзе сябрам Рады Эўропы і будзе вымушаная падпісаць Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека і забараніць ўсялякую дыскрымінацыю, у тым ліку і па прычынах сэксуальнай арыентацыі.

Дзякуй вялікі ўсім, хто ўзяў удзел у нашай размове, я не чакаў такіх цікавых і надзённых пытаньняў, запрашаю ўсіх жадаючых браць актыўны ўдзел у абароне нашых правоў, далучацца да працы беларускіх праваабарончых арганізацыяў, дзякуй ўсім!

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства