Аршаншчына: змены межаў выбарчых участкаў могуць зблытаць выбаршчыкаў
Апублікаваныя выбарчыя ўчасткі па выбарах у мясцовыя Саветы па горадзе Орша і Аршанскаму раёну.
Па выбарах у Аршанскі гарсавет сфармаваны 61 участак для галасавання. З іх 48 участкаў знаходзяцца ў горадзе Оршы, 5 - у горадзе Барань, 2 - у мястэчку Болбасава, а 6 участкаў з'яўляюцца закрытымі - размешчаныя ў лячэбных установах і інтэрнатах.
У Аршанскім раёне выбары будуць праходзіць на 43 выбарчых участках. З іх толькі адзін закрыты - у шпіталі інвалідаў ВАВ у мястэчку Юрцава.
У параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі месцы размяшчэння ўчасткаў засталіся нязменнымі, чаго не скажаш пра іх межы. Не меньш чым у 15 з іх тэрыторыя ў той ці іншай ступені змянілася. Грамадскія актывісты Оршы мяркуюць, што гэтыя змены могуць выклікаць блытаніну ў выбаршчыкаў - людзі, якія прывыклі гадамі галасаваць у адным і тым жа пункце, могуць не разабрацца ў зменах і прыйсці па звычцы на ранейшы ўчастак.
Аднак самыя сур'ёзныя пытанні выклікае фармаванне ўчастку № 58 у горадзе Барань. Ён уключае ў сябе вуліцу Аршанскую, на якой дамы № 9, 11, 11а, 13,15 і 46а адносяцца да Палявой акругі № 29, а дамы № 36, 38, 42, 44, 44а і 46 - да Набярэжнай акругі № 28 па выбарах у Аршанскі гарадскі Савет. Разам з тым, усе гэтыя дамы знаходзяцца ў межах аднаго выбарчага ўчастку.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"