У Гомелі журналістаў не пусцілі ў суд
11 лютага карэспандэнту недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН Анатолю Гатоўчыцу і незалежнаму журналісту Алегу Ражкову не дазволілі ўвайсці ў памяшканне суда Савецкага раёна Гомеля
з-за наяўнасці пры іх тэле- і фотаапаратуры. Інцыдэнт здарыўся перад пачаткам адкрытага судовага паседжання па справе прызыўніка Яўгена Якавенкі, які нібыта ўхіляўся ад службы ў войску.
Супрацоўнік аховы спыніў Алега Ражкова на ўваходзе ля паста рэгістрацыі, калі ўбачыў у руках журналіста штатыў для тэлекамеры. Дапамагчы калегу і высветліць законнасць такіх дзеянняў міліцыянта паспрабаваў Анатоль Гатоўчыц, але і яго самога ў выніку не прапусцілі, паколькі ён меў пры сабе фотаапарат.
Старшыня суда Аляксандр Кострыкаў, якому А. Гатоўчыц патэлефанаваў з вестыбюля будынку суда, назваў дзеянні ахоўнікаў правільнымі, бо міліцыянты, маўляў, дзейнічаюць на падставе інструкцыі.
У інструкцыі, на якую спаслаўся суддзя, паведамляецца, што «нараду міліцыі забараняецца дапускаць у будынак суда асоб з фота- і відэаапаратурай без узгаднення са старшынём суда альбо яго намеснікам». Зацвердзілі інструкцыю яшчэ ў 2006 годзе начальнік Савецкага аддзела (г. Гомеля) Дэпартамента аховы МУС Віктар Палазнік і старшыня Савецкага раённага суда Александр Кострыкаў.
У выніку А. Гатоўчыцу дазволілі прайсці ў залу суда толькі пасля таго, як ён пакінуў свой фотаапарат на ўваходзе А. Ражкову (камер для захоўвання рэчаў у памяшканні суда няма).
«Гэтая інструкцыя парушае нормы аб галоснасці судовай вытворчасці, вызначаныя Грамадзянска-працэсуальным і Крымінальна-працэсульным кодэксамі», — пракаментаваў інцыдэнт з гомельскімі журналістамі ў судзе намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.
Паводле гэтых кодэксаў, грамадзяне, прысутныя на адкрытым судовым паседжанні, маюць права весці пісьмовыя і магнітафонныя запісы. А фота-, кіна- і відэазапісы дапускаюцца з дазволу старшыні судовага паседжання і па згодзе бакоў, — звяртае ўвагу юрыст. — Але на практыцы інструкцыя прывяла да парушэння правоў журналістаў і заканадаўства аб СМІ.
Вось выпіска з гэтай інструкцыі:
Инструкция
об организации пропускного режима в здание суда
Наряду милиции запрещается
п.3. Допускать в здание суда лиц с фото- и видеоаппаратурой без согласования с председателем суда или его заместителем.