У Баранавічах пад пагрозай легальнае існаванне ТБМ
10 лютага Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны накіравала паўторны ліст старшыні гарвыканкаму Віктару Дзічкоўскаму з паведамленнем, што больш як месяц таму Рада ТБМ прадставіла ўсе неабходныя дакументы для змены юрыдычнага адрасу, але да гэтага часу не атрымала адпаведнага рашэння органа ўлады.
Па словах старшыні Баранавіцкай Рады ТБМ Віктара Сырыцы, з 1999 года арганізацыя мела юрыдычны адрас па вуліцы Маякоўскага 7, але нечакана перад самымі выбарамі ў мясцовыя Саветы юрыдычны аддзел гарвыканкама паведаміў, што арганізацыя яго пазбаўлена. Загадчык юрыдычнай службы гарвыканкаму Яўсееў сказаў сябрам ТБМ, што калі яны не знойдуць новага юрыдычнага адрасу на працягу месяца, то Баранавіцкую гарадскую арганізацыю здымуць з уліку.
Гарадская Рада ТБМ знайшла новы юрыдычны адрас і прадставіла ўсе неабходныя дакументы ў вызначаны тэрмін для яго замены, аднак ужо прайшло больш за месяц, а гарвыканкам нічога не адказвае.
У сваім паўторным пісьме Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны яшчэ раз просіць гарвыканкам даслаць сваё рашэнне на новы юрыдычны адрас аб унясенні зменаў у журнале ўліку арганізацыйных структур.
Чаму так раптам здарылася, што Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ была пазбаўлена юрыдычнага адрасу напярэдадні мясцовых выбараў?
Віктар Сырыца патлумачыў гэты факт тым, што ТБМ вельмі актыўны прымае ўдзел у грамадска-палітычным жыцці горада (у тым ліку і ў выбарах). Таму, магчыма, улады вырашылі пазбавіць арганізацыю такой легальнай магчымасці ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.
“Праваабаронцы за свбодныя выбары”