viasna on patreon

Мінюст: з пастановай Мінінфармацыі «не было ніякіх праблем»

2010 2010-01-28T13:19:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minjust.jpg

Міністр юстыцыі «не гатовы сказаць», ці рабіла яго ведамства экспертызу дзвюх пастаноў Міністэрства інфармацыі, прынятых у кастрычніку 2009 года і датычных рэгістрацыі новых СМІ. Пра гэта Віктар Галаванаў паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 студзеня, адказваючы на пытанне карэспандэнта прэс-службы БАЖ.

Па яго словах, Мінюст ажыццяўляе прававую экспертызу ўсіх нарматыўна-прававых актаў, якія прымаюць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання (у тым ліку міністэрствы) і «рэгулярна адхіляе сотні нарматыўна-прававых актаў, таму што яны супярэчаць дзеючаму заканадаўству». Аднак, што тычыцца згаданых пастановаў Мінінфармацыі, сп. Галаванаў «зараз не гатовы сказаць, бо не было ніякіх праблем». «У любым выпадку той ці іншы нарматыўны акт павінен адпавядаць базаваму заканадаўству. То бок, альбо закону, альбо пастанове ўрада, альбо ўказу, дэкрэту прэзідэнта», — патлумачыў ён.

Нагадаем, што 7 кастрычніка Мінінфармацыі прыняло пастановы № 17 і 18, якімі дапоўніла сваю ж папярэднюю пастанову 2008 г. «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі» і ўнесла змены ў Інструкцыю аб парадку вядзення Дзяржаўнага рэестру сродкаў масавай інфармацыі. 

Пастановы істотна пашырылі пералік дакументаў, якія, паводле арт. 12 закона „Аб СМІ“, трэба падаваць у Мінінфармацыі для рэгістрацыі новых выданняў. Напрыклад, цяпер у заяве трэба ўказаць, дзе, калі вучыўся галоўны рэдактар, які яго кіраўнічы досвед; у якім памяшканні — жылым ці нежылым — месціцца «юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ»; вельмі падрабязна інфармаваць пра крыніцы фінансавання СМІ і г.д.

«Фактычна Мінінфармацыі „дапоўніла“ закон і замест зацвярджэння формы заявы на рэгістрацыю змяніла яе сутнасць, увёўшы дадатковыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі СМІ», — лічаць юрысты БАЖ.

Як паказвае практыка, дадатковыя патрабаванні сапраўды істотна ўскладнілі задачу заснавальнікаў.

З восені 2009 года адмовы ў рэгістрацыі атрымалі, па звестках БАЖ: «Магілёўскі час», «Солигорск плюс», «Новая газета Бобруйска», «Мар’інагорская», «Прэфект плюс», «Химик. Два города» і яшчэ як мінімум 1 выданне, заснавальнікі якога не пажадалі пакуль быць згаданымі ў прэсе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства