Калінкавічы: Крытыка як заяўка на кандыдацтва ў аблсавеце?
У некалькіх апошніх нумарах райвыканкамаўскай газеты “Калінкавіцкія навіны” з’явіліся даволі нехарактэрныя для гэтага выдання артыкулы, аўтарства якіх належыць галоўнаму рэдактару Івану Гарысту. Так, у нумары ад 23 студзеня 2010 г. быў змешчаны матэрыял пад назвай “66 процентов детей – нездоровы”, у якім уздымаецца вострая праблема недахопу самага простага спартыўнага інвентара і абсталявання ў школах раёна, у прыватнасці, лыжаў. Так, аўтар піша: “Удивительно сегодня сознавать, что мы, расходуя миллиарды на реконструкцию школьных и дошкольных учреждений в агрогородках, возводя ледовые дворцы и спортивные арены, забываем об элементарном – снабжении школ спортинвентарём.”
А ў нумары ад 26 студзеня 2010 г. у артыкулы пад назвай “Хождение по мукам или Почему не выполняется соцстандарт” востра крытыкуюцца калінкавіцкія камунальныя службы (дрэнная праца ацяпляльных сістэм у моцны мароз). І гэта ў газеце, якая раней нават не дазваляла сабе і паўслова крытыкі на адрас як мясцовых, так і рэспубліканскіх уладаў.
Разгадка, магчыма, у тым, што спадар І. Гарыст у чарговы раз збіраецца балатавацца ў Гомельскі абласны Савет (зараз ён з’яўляецца дэпутатам аблсавета па Меліяратыўнай выбарчай акруге, куды ўваходіць частка тэрыторыі горада Калінкавічы) і атрымаў карт-баланш на крытыку ў выканкаме. Можна меркаваць, што такім чынам улада паспрабуе стварыць для насельніцтва, а, можа, і міжнароднай супольнасці так званую “канструктыўную апазіцыю” у мясцовых Саветах. (Маўляў, глядзіце, чалавек працуе на дзяржаўнай пасадзе і адкрыта крытыкуе ўладу ды яшчэ і ў дзяржаўнай газеце). Тым больш, што вышэйазначаным праблемам ужо не адзін год.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”