Віцебск: Дэмакраты памкнуліся ў камісіі
26 студзеня 2010 года скончылася вылучэнне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій.
У спіс грамадзян, вылучаных у склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання, увайшлі 22 кандыдата. Сярод іх - прадстаўнікі ўлады, палітычных партый, грамадскіх арганізацый і прафесійных саюзаў, пенсіянеры, прадстаўнікі творчых прафесій, беспрацоўныя.
Так, кандыдатамі ў камісію вылучаны такія вядомыя на Віцебшчыне і ў краіне асобы, як былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч і пісьменнік Павел Севярынец. Абодва - грамадзянамі, шляхам падачы заяваў.
Афіцыйна зарэгістраваныя ў вобласці партыі - Віцебская абласная партыя Беларускі Народны фронт, Віцебская абласная арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Віцебская абласная арганізацыя Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Віцебская абласная арганізацыя Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, Віцебская абласная арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі - вылучылі па адным кандыдаце ў выбарчую камісію.
Не засталіся ўбаку ад палітычнага жыцця і грамадскія арганізацыі. Так, сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў якасці сябраў выбарчай камісіі прапанавалі: Віцебская абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Віцебская абласная арганізацыя Грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Віцебскае абласное грамадскае аб'яднанне "Самакіраванне і грамадства", Віцебская абласная арганізацыя прафсаюза працаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых устаноў, Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", Віцебская абласная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь".
Астатнія кандыдаты вылучаны грамадзянамі, шляхам падачы заяваў, ці сходамі працоўных калектываў горада і вобласці.
На 28 студзеня 2010 годо ў 14.00 у зале паседжанняў аблвыканкама (вул. Гогаля, 6, каб. 48) запланавана сумеснае паседжанне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, на якім будзе разгледжана пытанне стварэння Віцебскай абласной выбарчай камісіі.
Паводле выбарчага заканадаўства на паседжанні маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі.