Па-рознаму асвятляецца выбарчая кампанія ў рэгіянальных дзяржаўных СМІ
Віцебск
Паведамленне ў мясцовых дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Віцебшчыны пра дату маючых адбыцца 25 красавіка 2010 года выбараў у мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады можна лічыць фактычным стартам выбарчага марафона. ДзяржСМІ падрабязна паведамілі пра тое, што падпісаны ўказ пра прызначэнне выбараў, а таксама пра ўнясенне ў выбарчае заканадаўства вялікай колькасці істотных зменаў. Так, будучыя выбаршчыкі даведаліся, што абноўлены Выбарчы кодэкс дазволіць значна зменшыць уплыў мясцовых адміністрацый у выбарчых камісіях, а ўдзел партый і грамадскіх арганізацый у іх істотна павялічыцца. Пры гэтым для апошніх прадугледжана аблегчаная працэдура накіравання сваіх прадстаўнікоў у камісіі. Як ліберальная мера падаецца - зняцце парога яўкі для выбараў у мясцовыя Саветы. Паведамляецца таксама, што ў мэтах стварэння найбольш зручных умоваў і роўных магчымасцяў для выбаршчыкаў, галасаванне будзе праходзіць гэтак жа, як і раней. Застаецца практыка датэрміновага галасавання, галасаванне па месцы знаходжання выьбаршчыкаў, што вельмі цяжка пракантраляваць незалежным назіральнікам.
Трэба меркаваць, што на дзяржСМІ на Віцебшчыне будзе ўскладзена асноўная роля ў асвятленні выбараў, рэкламы "прызначэнцаў у Саветы" ад улады, дыскрэдытацыя іх канкурэнтаў ад апазіцыі. Прынамсі, так было на папярэдніх выбарах у мясцовыя Саветы дваццаць пятага склікання ў 2007 годзе.
Барысаў
Газета раённай вертыкалі "Адзінства", заснаваная Барысаўскім райвыканкамам, упершыню звярнулася да тэмы выбараў, нягледзячы на тое, што нагода для гэтага з'явілася яшчэ тыдзень таму, калі быў апублікаваны ўказ пра прызначэнне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць шостага склікання. На сайце газеты толькі сёння была размешчана афіцыйная інфармацыя БЕЛТА пра завяршэнне 26 студзеня вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы.
Адсутнасць уласных матэрыялаў сведчыць пра пазіцыю, якую, хутчэй за ўсё, зойме "дзяржаўная" газета, асвятляючы выбары. Маючы, у адрозненне ад "нячэсных" СМІ, магчымасць аператыўна атрымліваць інфармацыю з першых рук, яна, тым не менш, не паведамляе чытачам, напрыклад, пра дату правядзення паседжання выканкама, на якім будзе зацверджаны склад выбарчых камісій.
Зыходзячы з вопыту мінулых гадоў, пра такія паседжанні афіцыйная прэса паведамляе постфактум, каб выключыць магчымасць прысутнасці на іх актывістаў дэмакратычнай апазіцыі, якія вылучаюцца ў склад камісій шляхам збору подпісаў (паводле дзейснага заканадаўства склад выбарчых камісій павінен быць зацверджаны не пазней 29 студзеня).
Калінкавічы
У рэгіёне пакуль няма ніводнага інфармацыйнага матэрыялу з паведамленнем аб даце правядзення выбараў. Хаця ў час мінулай парламентскай кампаніі яны з’явіліся амаль адразу пасля абвяшчэння ўказу А.Лукашэнкі.
Адзінае, што нагадвае пра будучыя выбары – гэта артыкул у мясцовай райвыканкамаўскай газеце “Калінкавіцкія навіны” ад 26 студзеня 2010 г. пад назвай “По новым правилам” (рубрыка “25 апреля - выборы в местные Советы депутатов”). Артыкул распавядае пра змены, якія ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс. Прычым падаецца гэта ў выключна пазітыўным плане (такі быў добры закон, а зараз дык увогуле бездакорны).
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"