Суд ня хоча разглядаць скаргу Яўгена Скрабца на незаконны прызыў у войска
Суд Ленінскага раёна Берасьця адмовіў Яўгену Скрабцу ў разглядзе скаргі на незаконныя дзеяньні прызыўной камісіі падчас асеньняга прызыву на тэрміновую службу ў войска.
Судзьдзя Карпава А.Ю матывавала адмову тым, што ў належны тэрмін суд не атрымаў запатрабаваных папераў.
"Судзьдзя беспадстаўна запатрабавала шэраг дакумэнтаў, якія не зьяўляюцца абавязковымі для разгляду скаргі Скрабца. Па-другое, знаходзячыся ў войску, складана зьбіраць паперы - гэта даволі-такі марудны працэс. Па-трэцяе, лісты зь Берасьця да вайсковай часткі ў Жлобін (і назад аналагічна) даходзяць цягам ажно трох тыдняў. Лічу, што судзьдзя наўмысна зводзіць разгляд скаргі на "не", каб ня браць на сябе маральнай адказнасьці за судовае рашэньне", - пракамэнтавала адмову суду праваабаронца-маладафронтаўка Наста Лойка.
Як паведаміла Наста Лойка, адмова суду будзе абскарджана ў вышэйшых інстанцыях.
Нагадаем, гэта ня першая спроба суду ўхіліцца ад разгляду скаргі палітпрызыўніка Скрабца: напрыканцы кастрычніка тая ж судзьдзя Карпава А.Ю. адмовіла Скрабцу ў разглядзе скаргі па падставе таго, што скарга павінна быць разгледжана ў міжгарнізонным вайсковым судзе. Пазьней гэтае рашэньне было адменена.