viasna on patreon

"Чым бліжэй да выбараў – тым большы ціск улады"

2010 2010-01-06T13:16:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hraznova.jpg
Людміла Гразнова, кіраўнік “Праваабарончага альянсу”

Людміла Гразнова, кіраўнік “Праваабарончага альянсу”

Кіраўніца зарэгістраванай у Літве грамадзкай арганізацыі “Праваабарончы альянс” Людміла Гразнова ўпэўненая: сёлета парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі будзе больш, чым летась. Такі прагноз яна зрабіла сёньня падчас прадстаўленьня “Хронікі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе”.

Людміла Гразнова, гаворачы пра тое, што сёлета ў красавіку ў краіне праводзяцца мясцовыя выбары, а затым пачнецца падрыхтоўка да прэзыдэнцкай кампаніі, зазначыла:

“Калі зыходзіць з досьведу мінулых гадоў, то падчас выбарчых кампаніяў палітычная апазыцыя заўжды дзейнічае больш актыўна і публічна. Улада таксама дзейнічае больш шырока і актыўна. І таму колькасьць рэпрэсаваных будзе ўзрастаць”.

Што тычыцца 2009 году, то правы чалавека парушаліся ў Беларусі па ўсіх сэгмэнтах, адзначыла спадарыня Гразнова. Напрыклад, Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай эўрапейскай дзяржавай, дзе дагэтуль не ўвялі мараторый на сьмяротнае пакараньне. Летась да вышэйшай меры пакараньня прысудзілі яшчэ двух чалавек. А ўсяго, пачынаючы з 1997 году, сьмерцю былі пакараны ўжо больш за 150 чалавек.

Кіраўніца “Праваабарончага альянсу” казала, што ў некаторых сэгмэнтах летась было бачна аслабленьне ціску з боку ўладаў. Так, крымінальныя справы ўзбудзілі толькі супраць чатырох актывістаў, у той час як у 2008-м годзе такіх выпадкаў было 22, у 2007-м — 25. Кароткатэрміновы (да 15 сутак) арышт летась прысудзілі толькі 10 актывістам. У 2008 годзе такіх было 107.

Беларускія ўлады такім чынам спрабавалі палепшыць свае дачыненьні з Захадам, — падкрэсьліла Людміла Гразнова. Але была і яшчэ адна прычына такой статыстыкі, цьвердзіць яна:

“Гэта абумоўлена адсутнасьцю буйных масавых акцыяў. Не было масавай акцыі ні на Дзень Волі, ні ў іншыя дні, тых акцыяў, якія звычайна праводзіліся ў мінулыя гады”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства