Асамблея падала дакумэнты на рэгістрацыю
Заснавальнікі Асацыяцыі каардынацыі грамадзкіх арганізацыяў “Асамблеі НДА” 14 студзеня падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Мінюст. Трэцяя па ліку спроба легалізацыі Асамблеі праходзіць ва ўмовах невялічкай фінансавай палёгкі. Цяпер за рэгістрацыю грамадзкім аб’яднаньням трэба плаціць менш.
Усе неабходныя для рэгістрацыі Асамблеі НДА дакумэнты перададзеныя ў Мінюст. Заснавальнікі асацыяцыі, хоць дагэтуль перакананыя ў несправядлівасьці папярэдніх рашэньняў Мінюста адносна Асамблеі, усё ж хочуць працаваць легальна.
З 1 студзеня бягучага году ўступіла ў сілу Асаблівая частка Падатковага кодэксу. Паводле словаў юрыста Асамблеі НДА Юрыя Чавусава, “Асамблея будзе адной зь першых арганізацыяў, якая скарыстаецца зьніжкай у сэнсе фінансавых выдаткаў на рэгістрацыю. Калі раней заяўнікам на рэгістрацыю рэспубліканскай арганізацыі даводзілася аплочваць мыту ў памеры 25 базавых велічыняў, то цяпер сума мыты складае 10 базавых”.
Юры Чавусаў згадвае, што падчас абскарджаньня рашэньня Мінюста адносна нерэгістрацыі Асамблеі ў Вярхоўным судзе прадстаўнікі аб’яднаньня наўпрост зьвярнуліся да адказчыкаў з пытаньнем, ці ўсе прэтэнзіі органа рэгістрацыі пазначаныя ў абгрунтаваньні адмовы. “Чыноўнікі зь Мінюста адказалі тады, што магчыма ўсе, а магчыма і не”, -- успамінае Юры Чавусаў. -- “Інакш кажучы, Мінюст яшчэ тады даў нам зразумець, што пакідае сабе поле для манэўраў”.
На нядаўнім ўстаноўчым сходзе Асамблеі НДА, што адбыўся ў сьнежні 2009-га, быў зацьверджаны статут, у якім адбыліся нязначныя касмэтычныя праўкі. Заснавальнікамі выступілі: Рэспубліканскае праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі Хельсінкскі
камітэт”, грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар па правах чалавека”, гарадзкое грамадзкае аб'яднаньне «Цэнтар «Супольнасьць», Грамадзкае аб’яднаньне шматдзетных сем’яў Верхнядзьвінскага раёну “Сям’я” ды іншыя.
Прадстаўнікі Асамблеі НДА спрабуюць дамагчыся рэгістрацыі сваёй арганізацыі ад Мінюста не ўпершыню. Так, яшчэ ў 2002 годзе рэгістравальны орган атрымаў пакет дакумэнтаў ад Асамблеі НДА. Для вынясеньня адмоўнага рашэньня ў справе нерэгістрацыі Асамблеі Мінюсту спатрэбілася паўтары гады. У 2009 годзе Міністэрства юстыцыі адмовіла саюзу недзяржаўных арганізацыяў больш апэратыўна, але па абсурдных прычынах. У прыватнасьці, чыноўнікі адзначылі, што мэты арганізацыяў-заснавальніцаў не супадаюць са статутнымі мэтамі Асамблеі. Другая прычына адмовы – устаноўчая дамова аб стварэньні асацыяцыі зьяўляецца несапраўднай, паколькі кіраўнікі арганізацыяў-заснавальнікаў Асамблеі падпісалі яе нібыта бяз згоды кіруючых органаў сваіх аб’яднаньняў. Трэцяя -- “назва АКГА “Асамблея НДА” не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, паколькі ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе членаў”.