Дзяржаве нагадваюць пра міжнародныя абавязкі
Гомельскі актывіст Руху “За Свабоду” Уладзімір Кацора звярнуўся ў дзяржаўныя органы з патрабаваннем выканаць рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека аб аднаўленні дзейнасці грамадскага аб’яднання “Грамадзянскія ініцыятывы”.
Адпаведныя звароты былі накіраваныя ў Савет Міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта, Нацыянальны сход, міністэрствы юстыцыі і замежных спраў, якія, згодна заканадаўству, павінны ствараць умовы для выканання міжнародных дамоў Рэспублікі Беларусь.
− Беларускія чыноўнікі кажуць пра тое, што Рашэнні Камітэта носяць рэкамендацыйны характар,–кажа Ўладзімір Кацора. – Але гэтыя Рашэнні з’яўляюцца часткай міжнароднага права, выконваць якое Беларусь абавязана. Тым больш, што такія абавязацельствы яна ўзяла добраахвотна, падпісваючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўны пратакол да яго, − сцвярджае Ўладзімір Кацора.
У сваіх зваротах актывіст нагадвае чыноўнікам пра прынцып «Pacta sunt servanda», сутнасць якога ў наступным: «Кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца». Гэты прынцып закладзены ў Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў, якую Беларусь таксама падпісала.
Нагадаем, Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне “Грамадзянскія ініцыятывы” было ліквідавана абласным судом у 2003 годзе. Па скарзе Віктара Карнеенкі ў Камітэт ААН па правах чалавека было прызнана парушэнне Рэспублікай Беларусь у выніку ліквідацыі аб’яднання права на свабоду асацыяцый. Тым ня менш, да сённяшняга часу беларускія ўлады нават не надрукавалі гэтае рашэнне Камітэта.