Зноў затрымалі Барыса Хамайду
Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС спачатку пэўны час назіралі за распаўсюднікам незалежнай прэсы са службовай машыны. Потым выклікалі АМАП.
Спадар Барыс быў зьдзіўлены, навошта спатрэбілася “падмацаваньне”: калі міліцыянты падышлі да яго і сказалі, што трэба ехаць у пастарунак, ён добраахвотна пачаў зьбірацца. Хлопцы з АМАПУ яго не зачапілі — толькі назіралі, як ён складае газэты і часопісы.
Паводле міліцыянтаў, ім было загадана завезьці Барыса Хамайду ў Чыгуначны РАУС, каб разгледзець, якія выданьні ён распаўсюджвае. Такі загад не зьдзівіў апазыцыянэра: затрыманьні, “каб усё паглядзець”, адбываюцца зь ім па некалькі разоў на месяц. Звычайна міліцыянты нават не складаюць пратаколаў ды адпускаюць яго праз колькі часу.
Тады Барыс Хамайда зноў вяртаецца да так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна, дзе штодня, апроч выходных, распаўсюджвае “Нашу Ніву”, “ARCHE” ды іншыя выданьні.