Дзевяць мільёнаў штрафу наваградскаму антыкамуністу
11 студзеня суддзя Наваградскага раённага суду Валеры Цынкевіч вынес вырак па крымінальнай справе актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Юрася Казака, які абліў фарбай бюст Леніна. Суд пакараў хлопца 250 базавымі велічынямі штрафу (8 750 000 рублёў), паведаміў «НН» сустаршыня БХД Аляксей Шэін.
Такім чынам, суддзя цалкам задаволіў патрабаванне дзяржаўнага абвінаваўцы. Індывідуальны прадпрымальнік Юрась Казак мусіць сплаціць гэты штраф цягам месяцу, інакш можа апынуцца ў турме.
Нагадаем, што 7 лістапада Юрась Казак абліў зялёнай фарбай помнік Уладзіміру Леніну на цэнтральнай плошчы Наваградка. Хлопец прызнаўся, што сапраўды гэта зрабіў. Аднак, як зазначыў ён на судзе, ягонай мэтай было не знішчэнне бюсту, а прыцягненне ўвагі да праблемы камуністычнай спадчыны ў Беларусі.
Нядаўна ў 25-гадовага Юрыя нарадзілася дачка Рагнеда, жонку яшчэ нават не выпісалі з бальніцы.