viasna on patreon

Першамайскі РУУС часткова прызнаў сваю віну перад журналістам. Дэпартамент аховы МУС - не

2010 2010-01-06T17:29:46+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mus.jpg

Супрацоўнікі Першамайскага РУУС часткова прызналі парушэнні, дапушчаныя міліцыянтамі ў дачыненні да затрыманага 29 кастрычніка 2009 года журналіста Уладзімір Грыдзіна. А вось Першамайскі аддзел Дэпартамента аховы МУС лічыць, што яго супрацоўнікі дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з законам.
Гэта вынікае з лістоў, якія днямі атрымаў Уладзімір у адказ на свае скаргі ў згаданыя ўстановы. Журналіст патрабаваў прыцягнуць да адказнасці  міліцыянтаў, якія гвалтам затрымалі яго пры выкананні прафесійных абавязкаў, а пасля прымусова ўзялі ў яго адбіткі пальцаў і паставілі на фота-і відэаўлік.
Кіраўніцтва Першамайскага РУУС пацвердзіла, што ўчастковы інспектар Панкратовіч парушыў парадак правядзення добраахвотнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, а таксама інструкцыю аб вядзенні крыміналістычнага ўліку. «За дадзеныя парушэнні… супрацоўнік строга папярэджаны, у выпадку паўтарэння падобных парушэнняў будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці», — гаворыцца ў лісце. Усе выявы У. Грыдзіна, паводле міліцыянтаў, выдаленыя.
Разам з тым, выкладзеныя ў скарзе У. Грыдзіна факты парушэння тэрміну адміністратыўнага затрымання «не знайшлі свайго аб’ектыўнага пацвярджэння».
А вось Першамайскі аддзел Дэпартамента аховы МУС вырашыў, што яго супрацоўнікі Дзяшкевіч і Грыневіч даставілі У. Грыдзіна ў РУУС «правамерна, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
Уладзіміра Грыдзіна, сябра ГА «БАЖ» і пазаштатнага карэспандэнта Радыё «Свабода», затрымалі ў Мінску ўвечары 29 кастрычніка. Журналіст збіраўся фатаграфаваць бела-чырвона-белыя сцягі, вывешаныя на праспекце Незалежнасці ў Мінску актывістамі кампаніі «Еўрапейская Беларусь», але не паспеў зрабіць ніводнага фотаздымка.
Калі ён выйшаў з машыны, да яго падбеглі міліцыянты, заламалі рукі і гвалтам пасадзілі ў машыну. Па словах Уладзіміра, на журналісцкае пасведчанне (бэдж БАЖ) міліцыянты не зважалі. Па дарозе ў РУУС Першамайскага раёна яго білі па патыліцы, пагражалі фізічнай расправай.
У пастарунку ў яго сілай забралі фотаапарат, некалькі разоў ударыўшы пры гэтым па тулаве і падрапаўшы тэхніку. Акрамя таго, у яго перагледзелі ўсе рэчы, узялі адбіткі пальцаў, знялі на фота і відэа — усё гэта без складання пратаколаў. Пратрымаўшы журналіста ў РУУС больш за 3 гадзіны, яму вярнулі тэхніку і адпусцілі.
29 кастрычніка міліцыя затрымала таксама фотажурналістку Юлію Дарашкевіч. Яе таксама трымалі ў пастарунку каля 3 гадзін, але не фатаграфавалі, не здымалі на відэа і не бралі адбіткі пальцаў, бо яна адразу ж заявіла пра незаконнасць гэткіх дзеянняў і запатрабавала складання пратаколу. 

(ВІДЭАІНТЭРВ'Ю З У. ГРЫДЗІНЫМ МОЖНА ПАГЛЯДЗЕЦЬ ТУТ

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства