viasna on patreon

«Магілёўскі час» не зарэгістравалі трэці раз

2010 2010-01-06T16:45:37+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magiliouski_chas.jpg

Міністэрства інфармацыі трэцім разам адмовіла недзяржаўнай газеце «Магілёўскі час» у рэгістрацыі. Гэтым разам чыноўнікі, паводле дырэктаркі ТАА Ганны Ільіной, выявілі, што памяшканне, у якім знаходзіцца юрыдычны адрас выдання, не адпавядае патрабаванням заканадаўства.

Уладальнік памяшкання, таварыства «Наладка-Сэрвіс», прапануе скасаваць дамову на яго арэнду па ўзгадненні бакоў. Калі да 15 студзеня гэтага не адбудзецца, уладальнік мае намер скасаваць дамову ў аднабаковым парадку.

Ганна Ільіна перакананая, што на ўладальніка памяшкання цісьне мясцовая ўлада. Акурат перад навагоднімі святамі дзейнасць таварыства «Наладка-Сэрвіс» правяралі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што нібыта жыхары раёна, дзе збіраюцца рэгістраваць газету, незадаволеныя з’яўленнем друкарні; акрамя таго, яны супраць і самой рэгістрацыі газеты.

«Я не ведаю, адкуль наагул з’явілася інфармацыя пра друкарню, аднак гэты нібыта зварот жыхароў і справакаваў праверкі дзейнасці арандадаўцы. Мы не збіраемся скасоўваць дамову паводле пагаднення бакоў, але яна адназначна будзе скасаваная. Улада ўпарта супраць рэгістрацыі недзяржаўнай газеты. І, магчыма, мы абралі не найлепшы час — напярэдадні выбарчых кампаній. Спачатку нас адмаўляліся рэгістраваць у межах заканадаўства аб СМІ, цяпер жа пайшлі шляхам ціску на арандадаўцу», — зазначае Ганна Ільіна.

Першы раз газету адмовіліся рэгістраваць, бо ў яе галоўнага рэдактара не было вышэйшай адукацыі. Другі раз — праз адсутнасць у рэгістрацыйным пакеце копіі дамовы заснавальніка з юрыдычнай асобай, на якую ўскладаліся функцыі рэдакцыі газеты.

Газета «Магілёўскі час» выходзіла як незарэгістраванае грамадска-палітычнае выданне ад 2007 года накладам 299 асобнікаў. Спробы зарэгістраваць газету ідуць ад 10 верасня 2009 года, паведамляе Наша Ніва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства