«Папярэджанне “Народнай волі” – частка перадвыбарнай стратэгіі ўладаў… »
Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі ацэньвае сітуацыю са СМІ ў Беларусі як «стабільна трывожную» і таму прапануе ўсім зацікаўленым структурам тэрмінова абмеркаваць яе і распрацаваць захады па абароне свабоды слова.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 3 студзеня заяве Палітрады.
Нагодай для прыняцця заявы стала другое за год папярэджанне газеце «Народная воля». «…Гэта не выпадковасць і не збег абставін, гэта частка перадвыбарнай стратэгіі ўлады, — лічаць аўтары заявы. — Караюць «Народную волю», але адначасова гэта пасланне ўсім незалежным грамадска-палітычным выданням краіны. Газетам акрэслілі рысу, якой яны не павінны перакрочваць, ім абазначылі тэмы, на якія ўводзіцца табу…»
Акрамя таго, Палітраду турбуе актыўнае абмеркаванне ва ўладных структурах пытання аб абмежаванні магчымасцяў распаўсюду і атрымання інфармацыі ў Інтэрнеце.
«Улада па-ранейшаму разглядае кантроль над сродкамі масавай інфармацыі як найважнейшы прыярытэт у сваёй дзейнасці…», — гаворыцца ў заяве.
У гэтай сітуацыі Палітрада АГП прапануе «ўсім зацікаўленым структурам тэрмінова абмеркаваць сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі і зрабіць захады, накіраваныя на абарону свабоды слова і канстытуцыйных правоў мільёнаў грамадзян, якія карыстаюцца паслугамі незалежных СМІ і Інтэрнета».