viasna on patreon

Журналісты і праваабаронцы: складанасці паразумення

2009 2009-11-19T17:27:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ці дастаткова ўвагі надаецца тэматыцы правоў чалавека ў беларускіх СМІ? Ці праваабаронцы ўмеюць зацікаўліваць журналістаў у пладах сваёй працы? Пра гэтыя і іншыя тэмы вялося на семінары-дыялогу «Прафесійная журналістыка і правы чалавека», што прайшоў у Доме правоў чалавека ў Вільні 13–15 лістапада.

 

Калі парушаюцца правы чалавека, паведамляць пра гэта — праца журналістаў. А калі дзяржаўныя чыноўнікі ці амапаўцы крыўдзяць журналістаў — ім на дапамогу прыходзяць праваабаронцы.

Гэтае простае разуменне таго, што якасная праца адных немагчымая без дапамогі іншых, і аб’яднала журналістаў і праваабаронцаў, што сабраліся мінулымі выходнымі ў Вільні.

У мерапрыемстве, зладжаным Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам і Фундацыяй Дамоў правоў чалавека, удзел бралі прадстаўнікі вядучых праваабарончых арганізацыяў краіны, Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), эксперты і госці з-за мяжы.

Як зазначыў прэзідэнт Беларускага ДПЧ Барыс Звозскаў, на здымку злева, «часта і журналісты, і праваабаронцы, выконваючы ў грамадстве па сутнасці адну і тую ж функцыю, дзейнічаюць паасобку.

Праваабаронцам неабходнае лепшае разуменне таго, якія каштоўнасці ў журналістаў, якая іерархія іх каштоўнасцяў, што з’яўляецца добрай інфармацыйнай нагодай і г.д.»

Хуткасныя журналісты і павольныя праваабаронцы

Паводле Б.Звозскава, журналісты не заўсёды маюць час, каб разбірацца ў працы праваабаронцаў. СМІ патрэбныя цікавыя навіны тут і цяпер, тым часам справы, у якіх задзейнічаныя праваабаронцы, часам доўжацца гадамі.

Тым не менш, існуе шмат сітуацыяў, калі аператыўны каментар праваабаронцы або інфармацыя аб бягучых парушэннях грамадзянскіх правоў можа ўяўляць вялікую каштоўнасць для медыяў.

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец зазначыў: «Наколькі я размаўляў з калегамі-журналістамі, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы — яны больш даведаліся аб тым, чым займаюцца праваабаронцы, больш зразумелі сутнасць тых праблем, якія стаяць не толькі перад праваабаронцамі, але і перад грамадзянскай супольнасцю ў цэлым.»

Ён падкрэсліў, што журналісты самі зацікаўленыя ў абароне ад пераследу і дапамозе праваабаронцаў, бо «свабоду выказвання называюць не толькі адным з фундаментальных правоў чалавека, але і крытэрам выканання іншых правоў, бо часта менавіта журналісты даносяць інфармацыю аб парушэнні правоў».

Правы чалавека — табу для афіцыйных СМІ

Са словаў удзельнікаў сустрэчы, акрамя «квазіправаабарончай» праграмы на адным з дзяржаўных каналаў «Правы чалавека», у цэлым гэтая тэматыка афіцыйнымі СМІ ігнаруецца. Стаўленне ж да дзейнасці праваабаронцаў, паводле А. Бастунца — не проста крытычнае, а нават зневажальнае.

Падчас семінару ня раз згадваўся трагічны лёс салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай, якая скончыла жыццё самагубствам на наступны дзень пасля таго, як з яе ў паклёпніцкай публікацыі паздзекваўся афіцыйны штодзённік «Советская Белоруссия».

Незалежныя СМІ Беларусі тэматыцы правоў чалавека надаюць нашмат большае значэнне, аднак не заўсёды робяць гэта дастаткова кампетэнтна, казалі ўдзельнікі сустрэчы.

«Спадзяюся, такія сустрэчы дапамогуць гэтыя праблемы асвятляць глыбей», — па выніках семінару сказаў А. Бастунец.

***

Акрамя ўсяго іншага, на семінары ў Вільні адбылася прэзентацыя праграм тэлаканала БелСАТ, прысвечаных правам чалавека (экспертам выступіў вядоўца Эдуард Мельнікаў), і дыскусійны клуб, заснаваны на паказе дакументальнага фільма.

Быў пададзены нарвежскі і беларускі погляды на этычныя стандарты ў журналістыцы (даследаванні, аб’ектыўная інфармацыя і абарона ахвяраў парушэнняў).

На падставе спраў, падрыхтаваных БАЖам, ФДПЧ і Прававой ініцыятывай, было разгледжана, якія выпадкі парушэнняў свабоды выказвання і доступу да інфармацыі ў Беларусі патрабуюць пільнай увагі.

Былі закранутыя і прыклады стратэгічных цяжбаў, а таксама судовая практыка Еўрапейскага Суду па правах чалавека, што ўплывае на працу журналістаў і праваабаронцаў, якія працуюць з выпадкамі парушэння свабоды выказвання.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства