viasna on patreon

Адукаваныя алькагалічкі

2009 2009-11-24T11:18:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alkahalizm.jpg

Беларускія нарколягі заўважылі, што расьце колькасьць жанчын з вышэйшай адукацыяй, якія цярпяць на алькагольную залежнасьць.

Загадчык аддзелу наркалёгіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Андрэй Капытаў кажа: “Ад агульнай колькасьці жанчын з алькагольнай залежнасьцю жанчыны з вышэйшай адукацыяй у Беларусі складаюць 20%”.

Адна з прычынаў, паводле чыноўніка, “актыўны ўдзел жанчын у грамадзкім і прафэсійным жыцьці», бо жанчыны ня толькі працуюць побач з мужчынамі, але й здымаюць стрэс, выкліканы цяжкаю працаю, таксама, як і мужчыны, з дапамогаю алькаголю.

Ад жаночага алькагалізму церпіць сям'я і, у першую чаргу, дзеці. А самі алькагалічкі часьцей, чым іншыя, заканчваюць жыцьцё самагубствам.

Ігар Сарокін, псыхіятар: Чым у большай ступені распаўсюджаная алькагалізацыя ў грамадзтве, тым большая схільнасьць да самагубстваў. У Беларусі гэта так. П'юць з прычыны, без прычыны, ад адзіноты. У сельскай мясцовасьці асабліва шмат п'юць. Маладыя, што зьехалі ў горад, падумалі, што выйшлі ў людзі, а насамрэч, выйшлі зь людзей. Сем'і распадаюцца. Пытаньне дасьледуецца вельмі даўно, нельга сказаць, каб яно было вывучана да канца. Розныя прычыны ўплываюць. Розныя структуры ў мозгу па-рознаму рэгулююць эмацыйны стан чалавека. Чым у большай ступені рэлігійнае грамдзтва, тым менш схільнасьці да дэпрэсіі, да п'янства. Вера ратуе чалавека ад усяго.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод у алькагольную залежнасьць у Беларусі трапляе каля 6 тысяч кабет. Адзіны жаночы лячэбна-працоўны прафілякторый месьціцца ў Горацкім раёне на Магілёўшчыне. У гэтай установе жанчын часта наведваюць сьвятары. Асабліва пратэстанцкія. Цэрквы розных канфэсіяў маглі б аказваць большую й эфэктыўную дапамогу ў гэтай справе. Але гэта ня так проста.

Актывіст стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін кажа, што Закон аб свабодзе сумленьня перашкаджае ў гэтай справе.

Аляксей Шэін: Хрысьціянскім цэрквам Закон аб свабодзе сумленьня забараняе праводзіць тую дзейнасьць, якою цэрквы павінны займацца. Гэта сацыяльная дапамога, адкрыцьцё рэабілітацыйных цэнтраў, дапамога людзям, што апынуліся ў наркатычнай, алькагольнай залежанасьці. Гэта асноўныя задачы хрысьціянскіх цэркваў, але, паводле закону, яны гэтую задачу выконваць ня могуць. У пляне дапамогі залежным людзям найбольшую актыўнасьць праяўляюць пратэстанцкія цэрквы. Але гэта тычыцца й католікаў, а таксама праваслаўных, якія  сутыкаліся з праблемамі, калі яны ня могуць аказаць дапамогі людзям, бо ня маюць на гэта права.

Паводле справаздачы аб дзейнасьці жаночага лячэбна-працоўнага прафілякторыя, ад 11 да 15% былых пацыентак сьпіваецца зноў. Вылечыць жаночы алькагалізам, паводле меркаваньня псыхіятараў, больш складана, чым мужчынскі, які таксама прагрэсуе. Але менавіта алькагольныя напоі прыносяць вялікі даход у дзяржаўную казну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства