Ідэолагі па працы з моладдзю з'явяцца нават у прыватных кампаніях
Пасада спецыяліста па працы з моладдзю прапануецца ўвесці на дзяржпрадпрыемствах і ў прыватных кампаніях Беларусі. Гэту пасаду збіраюцца ўвесці паводле Закона «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі», які ў Менску быў ухвалены Саветам Рэспублікі.
- Спецыяліст па працы з моладдзю павінен быць на кожным дзяржпрадпрыемстве, гэта вельмі важна, - сказала дакладчык па законапраекце старшыня камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Савета Рэспублікі Антаніна Морава.
Яна не ўдакладніла, што менавіта будзе ўваходзіць у абавязкі спецыяліста па працы з моладдзю, аднак адзначыла, што «першым чынам, яго праца будзе тычыцца культмасавага сектара».
Таксама законапраектам усталёўваецца ўзроставы крытэр для асобаў, якія заканадаўча адносяцца да паняцця «моладзь» - 14- 31 год.
У законапраекце таксама замацаваны пытанні развіцця моладзевага добраахвотніцкага руху, стварэнне студэнцкіх атрадаў.
- Гэты законапраект - першы ў краінах СНД. З яго дапамогай мы зможам падтрымліваць моладзь у рашэнні жыллёвых праблем, атрыманні адукацыі. Штогод 15 сакавіка плануецца рыхтаваць даклад пра моладзевую палітыку для падавання яго ў Савет міністраў, - сказала Морава.
Адказваючы на пытанне журналістаў пра размеркаванне дзяржаўных сродкаў на падтрымку моладзевых рухаў, яна адзначыла, што сродкі будуць размяркоўвацца на конкурснай аснове.
- У нас у рэестры 37 моладзевых арганізацый, 15 з іх карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай, - сказала Морава.
- БРСМ - самая масавая грамадская арганізацыя, ёсць таксама «Ліга вольнай працы», якая таксама мае права разлічваць на істотную дзяржаўную падтрымку. Ліга вольнай працы працуе ў сферы занятасці моладзі, і дзейнасць гэтай арганізацыі таксама вельмі важная для дзяржавы, - адзначыла Антаніна Морава.
Нагадаем, што БРСМ з'яўляецца праўладнай арганізацыяй і фундуецца з бюджэта, паведамляе агенцтва "Інтэрфакс".