На Фонд падтрымкі моладзевых ініцыятываў "Дзедзiч" адбыўся напад міліцыянтаў
У Берасьці ў пятнiцу, 14 кастрычніка, адбыўся напад на памяшканьне, ў якім месьціцца Фонд падтрымкі моладзевых ініцыятываў "Дзедзiч". У выніку незаконнага ўварваньня міліцыянтаў былі вынятыя бюлетэні «Дзедзіч», «Навіны БНФ», а таксама ўлёткі «Ці будзе ў Беларусі рэвалюцыя».
Храналогiю падзеяў перадала Асамблея НДА:
Супрацоўнiкi Маскоўскага РАУС Берасьця пагрукалі ў дзьверы офiса "Дзедзiча" у 17 гадзінаў, але ім не адчынiлi. Пакiнуўшы "вонкавае назiраньне" (як высьветлілася потым), яны сышлі. Недзе праз гадзіну, калі кiраўнiк арганiзацыi Зьміцер Шыманскi ўжо зьбіраўся зачыняць офiс, у дзьверы пагрукалi зноў. Зьміцер выйшаў да мiлiцыянтаў i зачынiў за сабой дзьверы офісу, але намесьнік начальнiка Маскоўскага РАУС капiтан Мікалай Сямёнаў паведамiў, што на пульт дзяжурнага "02" паступiла інфармацыя аб тым, што ў офісе "Дзедзiча", адбываецца бойка i чутныя крыкi. Ён загадаў адкрыць памяшканьне для правядзеньня дагляду. "Раптам у вас там трупы ляжаць, а вы не дазваляеце нам увайсьцi", - заявiў капітан Сямёнаў. Зьміцер Шыманскі адмовіўся адчыняць дзьверы з-за адсутнасьці ў міліцыянтаў санкцыі пракурора на правядзеньне агляду памяшканьне. Пасьля гэтага міліцыянты гвалтам забралі ключы ў старшыні Фонда. Увайшоўшы ў памяшканьне "Дзедзіча" і ня маючы на тое законных падставаў, міліцыянты, пераканаўшыся ў адсутнасьцi трупаў, не пакінулі яго, а праявілі цікаўнасьць да знойдзеных друкаваных матэрыялаў: бюлетэняў "Дзедзіч" і "Навіны БНФ", а таксама да ўлётак "Ці будзе ў Беларусі рэвалюцыя", вялікую колькасьць якіх у апошні час распаўсюдзілі з Берасьці актывісты дэмакратычных арганізацыяў. Разам з тым, супрацоўнікі міліцыі забаранілі карыстацца мабільнай сувязьзю, правялі асабісты дагляд прысутных у памяшканьні, абшукаўшы ў тым ліку і кішэні.
18-05: двое ў цывiльным прывялi ў офiс Віталя Каўша, валанцёра "Дзедзiча", якога затрымалi непадалёк ад будынка арганізацыі (менавіта з гэтага "вяртаньня" сябры арганізацыі зрабілі выснову, што за офiсам вялося "вонкавае назiраньне").
18-10: мiлiцыянты пачалі падазраваць, што пры выпуску бюлетэня "Дзедзiч" i ўлётак "Цi будзе ў Беларусi рэвалюцыя" дапушчана парушэньне заканадаўства. Таму супрацоўнікі міліцыі запрасiлі панятых i пачалі складаць акт выняцьця друкаванай прадукцыi, а менавіта розных выпускаў бюлетэняў “Дзедзіч”, “Навіны БНФ”, “Рух”, а таксама ўлётак “Ці будзе ў Беларусі рэвалюцыя”. Выняцьцё друкаванай прадукцыі капiтан Сямёнаў матываваў неабходнасьцю праверкi законнасьцi выпуску друкаванай прадукцыi.
18-50: актывістаў "Дзедзiча" даставiлi ў Маскоўскi РАУС, дзе сп. Шыманскi даў тлумачэньні адносна знойдзенай у офісе друкаванай прадукцыі. У прыватнасьцi, ён заявiў, што бюлетэнь "Дзедзiч" выдаецца з 2000 г. у поўнай адпаведнасцi з заканадаўствам, а зьмест іншых друкаваных матэрыялаў не парушае заканадаўства.
20-00: актывiсты "Дзедзiча" пакінулі міліцэйскі пастарунак. Нікога апроч старшыні арганізацыі сп.Шыманскага міліцыянты не апытвалі.
"Відавочна, што асноўная мэта гэтага вiзыту - запалохванне актывiстаў дэмакратычных арганiзацыяў. На нашай дзейнасцi напад мiлiцыянтаў ніякім чынам не адаб'ецца", - так пракамэнтаваў пятнічны выпадак Зьміцер Шыманскі, старшыня Фонду падтрымкі маладзёвых ініцыятываў "Дзедзіч".