Зварот праваабаронцаў пра моўную дыскрымінацыю ў войску ізноў пераадрасаваны
Зварот прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” з патрабаваннем спыніць незаконны пераслед і ціск на ваенаслужачага Ф. Вячорку ды іншых беларускамоўных служачых у чарговы раз перанакіраваны – у Гомельскую міжгарнізонную ваенную пракуратуру. Пра гэта праваабаронцам афіцыйна паведаміў Першы намеснік Беларускага ваеннага пракурора падпалкоўнік юстыцыі А.М. Кот.
Нагадаем, 27 ліпеня праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч звярнуліся да Міністра абароны Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава і Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Рыгора Васілевіча з патрабаваннем спыніць незаконны пераслед і ціск на ваенаслужачага Ф. Вячорку, які праходзіць тэрміновую службу ў в/ч 48694 у Мазыры, ды іншых беларускамоўных служачых ў сувязі з выкарыстаннем імі беларускай мовы пры праходжанні вайсковай службы.