27 ліпеня ў Лідзе адбыліся суды, над затрыманымі сябрамі Саюзу палякаў
За нібы правядзеньне 3 ліпеня несанкцыянаванага пікету галоўны рэдактар “Магазына польскего” Андрэй Пачобут засуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Мечыслаў Яськевіч і Юзаф Пажэцкі атрымалі па 10 сутак арышту.
Нагадаем, што сябры старога складу Галоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі, якія разам з былым старшынём Тадэвушам Кручкоўскім і Міністэрствам юстыцыі не прызналі вынікаў апошняга зьезду арганізацыі і пераабраньня кіраўніцтва, правялі сёньня сваё паседжаньне ў Шчучынскім Доме палякаў. Па словах аднаго з удзельнікаў гэтай нарады Канстанты Тарасевіча на паседжаньні прысутнічала 14 чалавек. Усяго ў складзе папярэдняй Галоўнай рады Саюзу палякаў Беларусі было 35 чалавек. Напярэдадні Кручкоўскі разам з сваімі прыхільнікамі выключылі з арганізацыі 8 чалавек разам з Анжалікай Борыс, якая была абраная новай старшынёй СПБ. У Шчучын прыехала 13 чалавек, якія прывезьлі яшчэ 5 паперак з так званымі дэлегаванымі галасамі. Тыя, хто сабраўся ў Шчучыне цьвердзяць зараз пра наяўнасьць кворуму і легітымнасьць паседжаньня. Стала вядома, што правядзеньне новага зьезду заплянавана на 27 жніўня, вызначана, што ён адбудзецца ў Ваўкавыску. Згаданае паседжаньне адбывалася пры ўзмоцненай ахове міліцыі і іншых спэцыяльных атрадаў, пад’езд да Дому палякаў у Шчучыне фактычна быў заблякаваны. Была часова затрымана група польскіх тэлежурналістаў з каналу TVP па прычыне таго, што ў адной журналісткі не было паперкі пра акрэдытацыю. Таксама на дарозе да Шчучыну быў спынены Веслаў Кеўляк, адзін з ведамых актывістаў СПБ.