У Менску затрыманыя пяць моладзевых актывістаў
У Менску затрыманы пяць актывістаў аргкамітэта па стварэнні руху "Маладая Беларусь". Пра гэта паведаміў карэспандэнту БелаПАН па тэлефоне адзін з затрыманых, лідэр аргкамітэта Артур Фінькевіч.
А.Фінькевіч, Алесь Сцепаненка, Валерый Саковіч, Сяргей Кастыленка і Алег Керольяны былі затрыманыя ў студэнцкім гарадку БДУ, ва ўнутраным двары універсітэта.
Актывісты "Маладой Беларусі" раздавалі студэнтам улёткі з інфармацыяй пра зніклых беларускіх палітыкаў. Ва ўлётках таксама нагадвалася, што 16-га дня кожнага месяца ў Беларусі праводзіцца акцыя салідарнасці з сем'ямі зніклых.
"Нас затрымлівалі людзі ў цывільным, якія паводзілі сябе па-хамску, вырывалі з рук актывістаў і студэнтаў улёткі, правакавалі нас на бойку. Пасля затрымання людзьмі ў цывільным да месца распаўсюду ўлётак пад'ехаў начальнік Маскоўскага РУУС Менска, які і аддаў загад даставіць нас у гэтае РУУС. Зараз мы знаходзімся ў міліцыі", — паведаміў А.Фінькевіч.
Гэтыя дзеянні міліцыі чарговы раз "паказваюць сапраўднае аблічча так званай лібералізацыі", лічыць Фінькевіч. "Зразумела, што ніякай лібералізацыі чакаць не варта. Сапраўдныя намеры беларускага рэжыму абсалютна відавочныя — улады баяцца моладзі, баяцца праўды пра зніклых беларускіх палітыкаў, і сваю палітыку замоўчвання праўды будуць праводзіць любымі метадамі", — сказаў А.Фінькевіч.
Пры гэтым А.Фінькевіч не ведае, што інкрымінуюць затрыманым, паведамляе БелаПАН.