Па пяць базавых вялічыняў (127 500 тысяч рублёў) штрафу атрымалі двое жыхароў гораду Белазёрску
18 ліпеня 2005 году адным з намесьнікаў начальніка Брэсцкага РАУС быў вынесены прысуд жыхарам гораду Белазёрску Юрасю Губарэвічу і Зьміцеру Трацьцяку па 130 артыкулу КК РБ: спагнаць з кожнага па пяць базавых вялічыняў штрафу за тое, што яны 09.07.2005г. знаходзіліся ў г.п. Дамачава без адпаведных дакумантаў, чым парушылі правілы знаходжаньня грамадзянаў у памежнай зоне.
Нагадаем, што 9 ліпеня 2005 году ў г.п. Дамачава адбыўся сход грамадзянаў, на якім жыхары Брэсцкага сельскага раёну абралі дэлегатаў на Усебеларускі кангрэс па вылучэньні адзінага кандыдыта ў Прэзідэнты ад апазыцыі. На сход былі запрошаныя Прадстаўнікі Народнай кааліцыі "5+", але яны не змаглі сустрэцца з грамадзянамі. Па прыбыцьці ў г.п Дамачава (дзе знаходзіцца памежны пераход з Польшчай) усе яныбылі затрыманыя. Першым затрымалі старшыню АГП А. Лябедзьку, потым на працягу 10 хвілін былі затрыманыя: сп., сп. Шушкевіч, Ваніна, Бухвостаў і шэраг іншых грамадзян, на кожнага былі складзеныя адмысловыя пратаколы, некаторыя аўто дагледжаныя, наяўная літаратура канфіскаваная.
Інтарэсы Ю. Губарэвіча і З. Трацьцяка ў Брэсцкім РАУС прадстаўлялі сябры ПЦ "Вясны" Уладзімір Малей і Уладзімір Вялічкін. Яны лічаць, што вынесеныя грашовыя пакараньні пакуль толькі першыя з шэрагу затрыманых у Дамачава.
Уладзімір Вялічкін тлумачыць: "Вельмі шмат людзей праязджае праз Дамачава – гэта памежны пераход, і большасьць зь іх наведвае пасёлак, таму ў Дамачава заўсёды шмат немясцовых грамадзянаў без адпаведных дакументаў, але ніхто іх не затрымлівае. Такім чынам, 130 артыкул КК РБ улады выкарыстоўваць у сваіх мэтах: як карны інструмент супраць актывістаў апазыцыі. Я асабіста таксама сутыкнуўся са спробай выкарыстоўваньня гэтага артыкулу падчас апошняй выбарчай кампаніі, калі міліцыянт на Дубокскім выбарчым участку пагражаў затрымаць мяне, давераную асобу кандыдата У. Малея, згодна арт. 130 КК РБ "за знаходжаньне ў памежнай зоне без адпаведных дакументаў".