Міністэрства замежных справаў Польшчы адрэагавала на высылку з Беларусі свайго дыпламата афіцыйнай заявай
Міністэрства замежных справаў (МЗС) Польшчы распаўсюдзіла 20 ліпеня афіцыйную заяву ў сувязі з прызнаньнем беларускімі ўладамі пэрсонай нон грата кіраўніка консульскага аддзелу польскай амбасады ў Менску Анджэя Бучака, паведаміла Радыё Свабода. МЗС Польшчы падкрэсьліла, што падобнае рашэньне беларускіх уладаў будзе мець некарысныя наступствы перадусім для грамадзянаў Беларусі, бо “ускладніць вырашэньне фармальных пытаньняў, зьвязаных з падарожжамі ў Польшчу”.
У заяве нэгатыўна ацэньваюцца захады, якія апошнім часам робяць беларускія ўлады супраць Польшчы і польскай грамады ў Беларусі, замест таго, каб разам знайсьці выхад з сытуацыі, якая склалася ў двухбаковых дачыненьнях у выніку рэпрэсіяў супраць Саюзу палякаў Беларусі. Польскае зьнешнепалітычнае ведамства падкрэсьлівае, што тлумачэньне беларускім бокам выдаленьня Анджэя Бучака, як кроку ў адказ на выдаленьне беларускага дыплямата Максіма Рыжанкова, гэта “цынічная маніпуляцыя”.
“МЗС нагадвае, што рашэньне аб выдаленьні спадара Рыжанкова было вымушаным, бо раней беларускія ўлады выдалілі дарадцу польскай амбасады ў Менску Марэка Буцька. Варта прыгадаць, што выпадак, на які спасылаецца беларускі бок, а менавіта ранейшы выезд з Польшчы ў межах паразуменьня паміж адпаведнымі службамі абедзьвюх краінаў афіцыйнага прадстаўніка КГБ Беларусі спадара Г. Катовіча, які займаўся дзейнасьцю, якая не адпавядала ягонаму статусу, не павінна брацца пад увагу ў адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай”, – гаворыцца ў заяве.
“Адкліканьне кіраўніка консульскага аддзелу ня можа не паўплываць на спраўнасьць візавага абслугоўваньня і спрашчэньне падарожжаў у Польшчу”, – падкрэсьлівае польскі МЗС.
Зьнешнепалітычнае ведамства Польшчы адзначае, што зробіць, паводле прынцыпу ўзаемнасьці, адпаведныя захады, дбаючы, аднак, пра тое, каб абмежаваньні, выкліканыя дзеяньнямі беларускіх уладаў, не паўплывалі на кантакты паміж польскім і беларускім грамадзтвамі.
Польскі МЗС падкрэсьлівае таксама, што ўрад Польшчы ў сваёй палітыцы што да прадстаўнікоў беларускай меншасьці ў гэтай краіне і надалей будзе кіравацца прынцыпамі, вызначанымі ў адпаведных дакумэнтах і практыцы ААН, Рады Эўропы і АБСЭ.