viasna on patreon

Кіраўнікам амбасадаў Чэхіі і Славаччыны адмовілі ў сустрэчы з Марынічам

2005 2005-07-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па звестках Радыё Свабода, часоваму паверанаму ў справах Чэхіі ў Беларусі Ўладзімеру Румлу і ягонаму калегу са Славаччыны Ёзэфу Мачышаку не далі дазволу на сустрэчу зь беларускім палітвязьнем Міхаілам Марынічам, які адбывае пакараньне ў менскай калёніі.

Пісьмовая адмова на запыт Уладзімера Румла атрыманая з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, пацьвердзілі ў чэскай амбасадзе, але ня сталі камэнтаваць зьмест гэтага дакумэнта.

Таксама стала вядома, што з аналягічнай просьбай зьвяртаўся ў МУС часовы павераны ў справах Славаччыны Ёзэф Мачышак і таксама атрымаў адмову. Уладзімер Коўчур, кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, патлумачыў для Радыё Свабода, чаму чэскага і славацкага дыпляматаў не пусьцілі да Міхаіла Марыніча. Паводле міліцыянта, галоўнай прычынай ёсьць тое, што Міхаіл Марыніч ня мае грамадзянства Чэхіі ці Славаччыны.
Сын Марыніча Ігар паведаміў таксама, што ўжо больш за тыдзень да Міхаіла Марыніча не дапускаюць ягонага адваката, пры гэтым адміністрацыя калёніі спасылаецца на тое, што вязень не напісаў заявы на сустрэчу. Між тым, Ігар перакананы, што прычына іншая, сыны вельмі хвалююцца за здароўе бацькі.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч знаходзіцца за кратамі з красавіка мінулага году. Яго асудзілі на 3,5 гады зьняволеньня за крадзеж маёмасьці. Між тым, шмат хто ў Беларусі лічыць гэты прысуд палітычна матываваным. Да арышту Марыніч адкрыта перайшоў у апазыцыю і заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства