Актывіст руху «Зубр» адлічаны з універсітэту за ўдзел у акцыях пратэсту
У Магілёве з трэцяга курсу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту за палітычную дзейнасьць адлічаны актывіст руху ЗУБР, студэнт будаўнічага факультэту Андрэй Разумкоў. Раней яго неаднаразова затрымлівалі падчас правядзеньня вулічных акцыяў пратэсту. Апошні раз гэта адбылося сёлета ў траўні. У шостую гадавіну зьнікненьня аднаго зь лідэраў апазыцыі Юрыя Захаранкі 7 траўня ў Магілёве насупраць абласной управы КДБ адбылася акцыя руху «Зубр», якая скончылася разгонам і затрыманьнямі. За ўдзел у гэтай акцыі Андрэй Разумкоў быў пакараны буйным штрафам.
Назіральнікі адзначаюць, што хутчэй за ўсё актывіст «Зубра» быў адлічаны з унівэрсытэту на падставе сумнавядомага загаду міністра адукацыі А.Радзькова “Пра захады дзеля недапушчэньня спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”, які прадугледжвае адлічэньне студэнтаў з навучальных установаў за ўдзел у акцыях пратэсту. (Хартыя-97)