Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якія ў складзе місіі ЭНЭМО назіралі за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Кіргізстане, апісваюць рэальны ход падзеяў
10 ліпеня ў Кіргізстане прайшлі прэзыдэнцкія выбары, у выніку якіх перамог выконваючы абавязкі прэзыдэнта Курманбек Бакіеў. Бакіеў ўзначаліў часовы ўрад пасьля таго, як ў сакавіку ў выніку масавых пратэстаў прэзыдэнт Аскар Акаеў быў адхілены ад улады.
Паводле старшыні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, Бакіеў набраў амаль 89% галасоў. Выбарчая актыўнасьць склала 75%.
У прэсе зазначалася, што міжнародныя назіральнікі не зафіксавалі сур’ёзных парушэньняў ў часе галасаваньня, што выбары былі значна болей празрыстымі і справядлівымі, чым у мінулым. Дакладную інфармацыю пра ход выбарчых падзеяў прадстаўляюць сябры ПЦ “Вясна” Таццяна Равяка, якая з’яўлялася доўгатэрміновым назіральнікам падчас выбараў, і Уладзімір Лабковіч, адзін кароткачасовых назіральнікаў. Пра падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнта Кіргізстану і вынікі галасавання Таццяна распавяла адразу пасля свайго вяртання ў Беларусь.
-- Я была доўгатэрміновым назіральнікам ад місіі ЭНЭМО (European Network of Election Monitoring Organizations) – Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранню за выбарамі, якая складаецца з 17 грамадзкіх арганізацыяў з 16 краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, некаторых краінаў былога Савецкага Саюзу. У гэтай сетцы Беларусь прадстаўлена Праваабарончым Цэнтрам “Вясна”. Усяго ў Кіргістане было 14 доўгатэрміновых назіральнікаў – па 2 на кожную з 7 обласцей, кіраваў місіяй цэнтральны офіс. Наша місія была дастаткова вялікая па чалавечым рэсурсе: трэцяя па велічыні пасля місіі БДІПЧ /АБСЕ і місіі СНД. Сваю працу яна пачала 5 чэрвеня, і больш як месяц мы назіралі за тымі працэсамі падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі 10 ліпеня. Разам з калегам з Казахстану я працавала ў Джалалабадзкай вобласці, куды пазней непасрэдна на выбары прыехалі яшчэ 6 кароткатэрміновых назіральнікаў: 4 з Беларусі і па аднаму са Славакіі і Румыніі.
Джалалабадзкая вобласць адна з паўднёвых абласцей, адкуль фактычна і пачаліся тыя хваляванні, якія прывялі ў сакавіку гэтага году да рэвалюцыі. Ошская і Джалалабадзкая вобласці былі найбольш актыўнымі ў працэсе прэзыдэнцкіх выбараў, там найбольш актыўнае насельніцтва. Дарэчы, Курманбек Бакіеў нарадзіўся ў 10 км ад Джалалабаду.
-- І менавіта гэтым была абумоўлена актыўнасць названых абласцей?
-- Не зусім. Трэба адзначыць, што Кіргізстан падзелены на дзве часткі – паўднёвую і паўночную, якія вельмі адрозніваюцца сваім насельніцтвам, умовамі жыцця. Асаблівасць сітуацыі тлумачыца тымі традыцыйнымі чаргаваннямі пры змене ўлады, якія ішлі яшчэ з савецкіх часоў: калі адзін тэрмін кіраўніком дзяржавы з’яўляўся выхадзец з поўдня краіны, на змену яму прыходзіў выхадзец з поўначы, і наадварот. Але апошнія 14 гадоў пры ўладзе знаходзіўся прадстаўнік поўначы спадар Аскар Акаеў, а поўдзень не меў такой магчымасці. Таму жыхары поўдня вельмі былі зацікаўленыя, каб прэзідэнтам дзяржавы стаў менавіта выхадзец з паўднёвай часткі краіны, фактычна імі было зроблена ўсё магчымае, каб на выбарах перамог выконваючы абавязкі прэзыдэнта Курманбек Бакіеў.
-- Колькі кандыдатаў прэтэндавалі на пост прэзыдэнта краіны, і якія цяжкасці чакалі іх пры рэгістрацыі?
-- Напачатку выбараў 22 прэтэндэнты ў кандыдаты пачалі падрыхтоўку да рэгістрацыі, але большасць з гэтых людзей не сабрала патрэбных 50 тысячаў подпісаў. Адзін з кандыдатаў не здаў іспыту па дзяржаўнай мове, бо ў Кіргізстане адным з патрабаванняў да рэгістрацыі ў кандыдаты з’яўляецца веданне адзінай дзяржаўнай мовы. І яшчэ адзін зняў сваю кандыдатуру на карысць Курманбека Бакіева. Такім чынам, усяго да фінішу дайшлі 6 зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты краіны. Акрамя таго было заключана пагадненне паміж моцным лідэрам Феліксам Кулавым і выконваючым абавязкі прэзыдэнта Курманбекам Бакіевым: першы палітык адмаўляўся ад удзелу ў выбарах, другі ў выпадку перамогі абяцаў Кулаву пасаду кіраўніка ўраду. Праўда, некаторыя з назіральнікаў лічаць, што адной з прычынаў пагаднення паміж асноўнымі супернікамі таксама з’яўляліся праблемы ў прадстаўніка поўначы Кулава з кіргізскай мовай, іспыт па якой ён мог не здаць.
-- Перад самім днём галасавання СМІ пісалі пра адсутнасць якога б там ні было палітычнага напружання. Гэта было так?
-- Сапраўды, выбары прайшлі дастаткова ціха і мірна, практычна адсутнічала і перадвыбарчая гонка. У Джалалабадскай вобласці, дзе я назірала, сваю перадвыбарчую кампанію прадставілі толькі трое кандадатаў з шасці зарэгістраваных, астатнія нават партрэтаў не распаўсюджвалі. Тым ня менш, дзень выбараў прайшоў абсалютна па беларускім сцэнары, калі амаль 100 % складалася яўка на выбарчыя ўчасткі і столькі ж галасоў было пададзена за лідэра сакавіцкай рэвалюцыі. Проста неверагодныя вынікі! Бакіеў, канешне, выйграў выбары, але ўсё кіраўніцтва імкнулася “занадта добра правесці кампанію”, каб застацца пры сваіх пасадах, бо гэтыя тры месяцы пасля рэвалюцыі ўся мясцовая ўлада таксама была выконваючай абавязкі, і ад вынікаў выбарчай кампаніі залежаў яе далейшы лёс і карьера. Кампанія мела б цалкам іншы характар, калі б не тое пагадненне, якое заключылі паміж сабой Курманбек Бакіеў і былы міністар нацыянальнай бяспекі Фелікс Кулаў, які з’яўляўся больш моцнай і харызматычнай асобай, палітычным зняволеным, адпушчаным з турмы пасля сакавіцкіх падзеяў. Калі б ён вылучыўся ў кандыдаты, выбары праходзілі б па іншым сцэнары, у жорсткай барацьбе, бо астатнія кандыдаты не складалі моцнай канкурэнцыі асноўнаму прэтэндэнту на прэзыдэнцкі пост. Саюз Бакіева і Кулава, як пісалі, фактычна пазбавіў выбары інтрыгі і непрадказальнасці.
-- Прадстаўнікі некалькіх кандыдытаў на пасаду кіраўніка дзяржавы заявілі, што Бакіеў выкарыстоўваў так званы “адміністратыўны рэсурс”. Так ці можна лічыць выбары ў Кіргізстане сапраўды свабоднымі і сумленнымі?
-- Тое, што Бакіеў перамог, гэта сапраўды так. Тое, што ён па поўнай праграме выкарыстаў “адміністратыўны рэсурс”, таксама праўда. Што тычыцца парушэнняў, якія адбыліся пры правядзенні выбараў, яны далі падставу аднаму з кандыдатаў -- Уметаліевай, дарэчы, першай жанчыне-кандыдату ў прэзіднты-- абскарджваць вынікі праведзеных выбараў. Аднак я не думаю, што гэта неяк паўплывае на канчатковае рашэнне Канстытуцыйнага суду, і Курманбек Бакіеў будзе абвешчаны прэзыдэнтам Кіргізстану.
-- Уладзімір, Вы непасрэдна знаходзіліся на выбарчых участках, як пракаментуеце ўбачанае там?
-- Я прысутнічаў і на сакавіцкіх парламенцкіх выбарах, якія былі крытычна ацэненыя міжнароднай супольнасцю, і на цяперашніх прэзыдэнцкіх выбарах, і магу параўнаць. Гэтыя выбары адбываліся ў больш празрыстай і сумленнай атмасферы, яны былі больш дэмакратычнымі. Але ж трэба адзначыць, што меў месца шэраг істотных парушэнняў: так на некаторых участках, дзе я прысутнічаў, я заўважыў закідванне бюлетэняў, падробку подпісаў у спісах выбаршчыкаў, а падлік галасоў таксама нельга назваць празрытым. Масавай з’явай было перапісванне пратаколаў у тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Гэта сведчыць пра тое, што новая цэнтральная ўлада яшчэ не паспела правесці змену рэгіянальных кіраўнікоў, якія па-іншаму, нажаль, працаваць не ўмеюць. У цэлым, гэта былі незалежныя выбары ў незалежным Кіргізстане.